3 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
"Цяпер склаліся спрыяльныя ўмовы. Рост сусветных цэн (на нафту. - Заўвага БЕЛТА) таксама нам на руку, паколькі растуць цэны і на нафтапрадукты, якія мы вырабляем у Беларусі. Даражэй мы прадаём мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку калій. Гэта дазваляе разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Які перыяд часу гэта будзе прадаўжацца, ніхто не ведае, але вечна гэта дакладна не будзе. Трэба літаральна паспець атрымаць максімум выгады з кан'юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах".
Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць немалой колькасці нявырашаных пытанняў і розных меркаванняў наконт гэтага, асабліва наконт напрамкаў расходавання бюджэтных сродкаў. "Рэальны сектар будзе, вядома ж, цягнуць коўдру на сябе, як гэта ў нас часта бывае. Фінансісты скажуць, што трэба перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг", - адзначыў беларускі лідар.
"Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ. Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку найбольш слабаабароненых слаёў насельніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.