2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да беларусаў і расіян з нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сімвалізуе цвёрдую прыхільнасць нашых краін да шматвяковай дружбы і агульных духоўных каштоўнасцей. Непадзельная спадчына мінулага, у якой былі Вялікая Перамога і стваральная праца некалькіх пакаленняў, абумовіла лёсавызначальнае рашэнне разам будаваць сваю будучыню", - гаворыцца ў звароце.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе спаўняецца дваццаць гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты адносна невялікі гістарычны перыяд адзначаны важкімі дасягненнямі ў многіх галінах супрацоўніцтва, напоўнены бясцэнным вопытам эфектыўнага вырашэння жыццёва важных задач.
"Закладзеныя ў аснову нашага яднання прынцыпы ўзаемнага даверу і раўнапраўя даюць магчымасць праводзіць узгодненую знешнюю палітыку, паспяхова змагацца з сучаснымі выклікамі і пагрозамі. Саюзнае будаўніцтва забяспечвае захаванне агульнай гуманітарнай прасторы, паглыбленне ўсебаковых культурных сувязей, падтрыманне цёплых чалавечых адносін", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што рэальныя перавагі саюза сёння адчуваюць мільёны беларусаў і расіян. "Паміж нашымі краінамі няма адчужанасці, ёсць свабода перамяшчэння і працаўладкавання, сацыяльныя гарантыі, роўны доступ да медыцынскіх паслуг і адукацыі. Неабходна і далей пашыраць беларуска-расійскае супрацоўніцтва", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, сур'ёзнаму росту глабальнай канкурэнцыі, узмацненню пратэкцыянізму і ізаляцыянізму Беларусь і Расія павінны проціпаставіць сапраўдную інтэграцыю, рашучае ўстараненне штучных бар'ераў і абмежаванняў у эканоміцы, рэалізацыю маштабных праектаў. "Перакананы, што разам нам гэта па сілах", - падкрэсліў беларускі лідар.