9 чэрвеня, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы прыбыў у Палац Незалежнасці, які стаў пляцоўкай правядзення гэтага вялікага міжнароднага форуму. Пасля цырымоніі прывітання кіраўнікоў дзяржаў - наглядальнікаў у ШАС і запрошаных прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, а таксама сумеснага фатаграфавання пачнецца пасяджэнне савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў арганізацыі ў пашыраным складзе.
Плануецца, што ў сваім выступленні на саміце Прэзідэнт агучыць пазіцыю беларускага боку па пытаннях далейшага развіцця арганізацыі, у тым ліку яе эканамічнага вымярэння. Беларусь у якасці наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прымае актыўны ўдзел у шырокім коле мерапрыемстваў па ўсіх асноўных вымярэннях: палітыка-дыпламатычным, гандлёва-эканамічным і культурна-гуманітарным.
Такія вялікія саміты, акрамя абмеркавання непасрэдна пытанняў парадку дня, таксама даюць добрую магчымасць лідарам краін, кіраўнікам міжнародных структур і арганізацый паразмаўляць у кулуарах і зверыць гадзіннікі па праблематыцы, што цікавіць. У гэтым фармаце ў кіраўніка беларускай дзяржавы ў Астане адбыўся ўжо шэраг сустрэч і перагавораў, у тым ліку з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам.