Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Врс 2017

Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь

Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь

26 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Давайце вызначым 3-4 салідныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка - база любых адносін) і рэалізуем іх, - прапанаваў кіраўнік дзяржавы. - Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі шмат свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі - 2-3 сумесныя прадпрыемствы - пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны".

Прэзідэнт бачыць патэнцыял у тым, каб сумесна вырабляць у Беларусі прадукцыю, запатрабаваную ў тым ліку на рынку Вялікабрытаніі. "Давайце іх (такія вытворчасці. - Заўвага БЕЛТА) створым у Беларусі", - прапанаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго чаканні ад візіту брытанскага міністра ў тым ліку звязаны з фарміраваннем аб'ектыўнага меркавання пра Беларусь. "Я чакаю, каб вы ўбачылі Беларусь і хаця б для сябе склалі пэўнае аб'ектыўнае меркаванне пра нашу краіну. Я хачу, каб вы ўбачылі ўсё тое, што так доўга не заўважалі заходнія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы", - заявіў беларускі лідар.

Сустрэча з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам ДунканамЁсць шмат напрамкаў, па якіх Беларусь і Вялікабрытанія могуць працаваць разам з узаемнай выгадай. "Калі ваш візіт будзе нейкім штуршком у гэтым напрамку, першымі крокамі, то будзем лічыць, што мы не дарэмна з вамі правялі час і вы не дарэмна прыехалі ў Беларусь", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Алан Дункан адзначыў, што яму прыемна быць першым брытанскім міністрам, які наведаў Беларусь. "На жаль, гэта заняло вельмі шмат часу, у гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін", - сказаў ён.

Міністр таксама перадаў найлепшыя пажаданні ад прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй.

Прыезд Алана Дункана - першы візіт у Беларусь прадстаўніка ўрада Вялікабрытаніі такога высокага ўзроўню. У кастрычніку 2016 года адбыўся візіт у Беларусь члена брытанскай каралеўскай сям'і прынца Майкла Кенцкага, які быў прыняты кіраўніком дзяржавы.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй у студзені-ліпені 2017 года склаў каля $1,5 млрд, або амаль 200 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт Беларусі дасягнуў прыкладна $1,4 млрд. У асноўным з Беларусі ў Вялікабрытанію пастаўляліся нафтапрадукты, бітумныя сумесі на прыродных мінеральных смолах, прадукцыя металургічнага комплексу, мэбля. З Вялікабрытаніі імпартаваліся рухавікі ўнутранага згарання, моцныя спіртныя напіткі, лекавыя сродкі, легкавыя аўтамабілі, электрычныя трансфарматары.

Экспарт беларускіх паслуг па выніках 2016 года склаў $199,7 млн. За гэты ж год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Вялікабрытаніі на суму $1,46 млрд, у тым ліку прамых - амаль $1,39 млрд.

У Вялікабрытаніі дзейнічаюць тры суб'екты тавараправоднай сеткі беларускіх экспарцёраў - кампанія BNKUKLtd (даччыная структура ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія"), прадстаўніцтва УП "Адані" - AdaniLimited. У снежні 2015 года ў Лондане таксама зарэгістравана прадстаўніцтва ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".

У Беларусі працуюць 264 прадпрыемствы з брытанскімі інвестыцыямі, у тым ліку 158 сумесных прадпрыемстваў і 105 замежных.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі