28 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь прапануе Інданезіі ствараць сумесныя прадпрыемствы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з міністрам абароны Інданезіі Рыямізардам Рыякуду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт падкрэсліў, што закрытых тэм у супрацоўніцтве паміж краінамі няма. Беларусь гатова развіваць узаемадзеянне з Інданезіяй не толькі ў ваенна-тэхнічнай, але і ў грамадзянскіх сферах эканомікі. "Што немалаважна і прынцыпова для Інданезіі і Беларусі: мы можам пайсці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў на інданезійскай зямлі, каб атрымліваць гатовы прадукт і прадаваць яго ў трэціх краінах у тым рэгіёне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што хацеў бы аднавіць сваё запрашэнне Прэзідэнту Інданезіі наведаць Беларусь. У ходзе візіту бакі змогуць вызначыць стратэгію далейшага развіцця адносін паміж дзяржавамі на бліжэйшую перспектыву.
У сваю чаргу міністр абароны Інданезіі Рыямізард Рыякуду падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за аказаны дэлегацыі цёплы прыём і дадаў, што вынікі яго візіту будуць даложаны Прэзідэнту Інданезіі. "Таксама я абавязкова перадам яму ваша запрашэнне", - дадаў Рыямізард Рыякуду.
Ваенная дэлегацыя Інданезіі 28-30 красавіка знаходзіцца з візітам у Беларусі. Плануецца, што яна правядзе перагаворы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і Міністэрства абароны Беларусі. Замежныя госці таксама маюць намер наведаць Цэнтральны камандны пункт ВПС і войскаў ППА Узброеных Сіл Беларусі, Мінскі завод колавых цягачоў і 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод.