30 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву з улікам крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы акцэнтаваць увагу на новых ідэях і напрамках узаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 28 лістапада на перагаворах у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што ў цяперашняй няпростай абстаноўцы Беларусь і Азербайджан не дапусцілі прыкметнага зніжэння ўзаемнага тавараабароту.
"Тым не менш час патрабуе ад нас хуткіх, эфектыўных рашэнняў для нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку і на рынках трэціх краін", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў таксама разгледзець з удзелам дзелавых колаў Азербайджана кааператыўныя магчымасці ў галіне нафтахіміі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што істотныя рэзервы ёсць у развіцці сустрэчных паставак тытуню і цыгарэт. Паводле яго слоў, такія адносіны трэба ствараць на доўгатэрміновай аснове.
На думку беларускага лідара, асаблівую актуальнасць у сучасным свеце мае сфера інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі. Ён лічыць неабходным прадаўжаць працаваць над пошукам сумесных праектаў у гэтай галіне.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэта сустрэча на вышэйшым узроўні надасць дадатковы імпульс працэсу развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, напоўніць яго новым канкрэтным зместам.
"Азербайджан быў і застаецца надзейным сябрам і партнёрам Беларусі, - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню вашых інтарэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, калі вам гэта будзе выгадна".