22 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларускія прадпрыемствы пераадолеюць спад прамысловай вытворчасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы з працоўным калектывам ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рух ёсць. Думаю, што пасля сённяшняй размовы павялічым тэмпы руху наперад. Мы павінны пераадолець той спад, які адбыўся, на жаль. Але не па нашай віне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сітуацыя была няпростая, але я бачу, што яна нават у Магілёўскай вобласці пачынае выпраўляцца".
Прэзідэнт расказаў, што сёння наведаў Магілёўскую вобласць, каб вывучыць сітуацыю ў рэгіёне. "Я хацеў на свае вочы ўбачыць, у якім напрамку развіваецца горад і яго прадпрыемствы. За апошнія гады мы некалькі разоў падыходзілі да мадэрнізацыі рэгіёна, ад многага адмаўляліся. Чарговы раз у канцы мінулага года вызначыліся, у якім напрамку будзем развіваць нашы прадпрыемствы, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - У мінулым годзе скончылі стварэнне вытворчых аб'яднанняў і холдынгаў. Гэта дало магчымасць больш вырабляць уласнай прадукцыі. І мне было цікава, што адбываецца пасля ўсіх прынятых мер".
Наведваючы ААТ "Магілёўліфтмаш", Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады аб развіцці прадпрыемства, аб выпуску новай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. Таксама Прэзідэнт азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння і вытворчасцю ліфтавага абсталявання па сучасных тэхналогіях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "Магілёўліфтмаш" - прадпрыемства рэспубліканскага значэння і яго неабходна актыўна развіваць. "Чаго б нам ні каштавала, мы такія прадпрыемствы будзем захоўваць. Мы не будзем іх закрываць, разбураць, некаму прадаваць, таму што тут ёсць людзі, якія ўмеюць працаваць. Мы толькі будзем нарошчваць у холдынгу аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, патрэбнай на сусветных рынках. Перспектыва вялікая", - падкрэсліў Прэзідэнт.
ААТ "Магілёўліфтмаш" - адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе шырокую гаму грузавых і пасажырскіх ліфтаў, а таксама пад'ёмнага абсталявання для маламабільных груп насельніцтва. Завод паспяхова развіваецца і не мае праблем са збытам прадукцыі. За першае паўгоддзе 2016 года выпушчана 5250 ліфтаў, што на 600 адзінак больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Складскія запасы практычна адсутнічаюць. Цяпер ААТ "Магілёўліфтмаш" рэалізуе два інвестыцыйныя праекты, якія дадуць магчымасць асвоіць вытворчасць новага мадэльнага рада ліфтаў эканомкласа, бізнес-класа і ліфтаў для вышыннага будаўніцтва, а таксама стварыць вытворчасць эскалатараў. Праекты павінны быць рэалізаваны да 2020 года.