15 снежня, Масква /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў яшчэ большым збліжэнні беларускага і расійскага народаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў Маскве на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вельмі добра ведаем, чаго хоча Расія ад Беларусі. Упэўнены, што Расія абсалютна ведае, што трэба Беларусі ад Расіі. Думаю, што вырашэнне тых праблем, якія ў нас існуюць, яшчэ больш зблізіць нашы народы. Хоць, шчыра кажучы, мераць нас з вамі класічнымі рамкамі ўзаемаадносін з іншымі дзяржавамі неяк нават нязручна, таму што ў нас настолькі блізкія адносіны, што тут не падыходзяць гэтыя крытэрыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы гатовы коратка, дакладна абмеркаваць і вырашыць тыя пытанні, якія сёння перад намі стаяць", - дадаў Прэзідэнт.
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу адзначыў, што прэзідэнтам дзвюх краін ёсць аб чым пагаварыць. У Расіі, паводле яго слоў, чакалі Аляксандра Лукашэнку з гэтым афіцыйным візітам і рады, што, нягледзячы на бягучыя праблемы, ён адбыўся, што беларускі лідар прыехаў для грунтоўнай размовы па ўсім комплексе пытанняў двухбаковых адносін.