26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нядобразычліўцы Беларусі перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што як кіраўнік дзяржавы лічыць сваім абавязкам падрабязна агучыць перад народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю пазіцыю па працэсах, што адбываюцца вакол краіны, і абазначыць напрамкі будучага развіцця зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца.
"Як мы і прагназавалі, нашы нядобразычліўцы звонку, ды і ўнутры краіны, змянілі метады атакі на дзяржаву. Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы разважлівасці і чалавечай маралі. Гэта ўжо не інфармацыйная вайна, гэта гібрыдная сучасная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны не могуць нам прабачыць ні тратылу (выяўленага спецслужбамі ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), ні "манкуртаў", таму баяцца новых выкрыццяў у паказаннях як збеглых, так і ўнутраных. У бліжэйшы час мы прадставім грамадскасці ўсё, што яны нагаварылі, у тым ліку і нядаўна затрыманыя".
"Менавіта таму яны перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Ідзе пошук новых слабых месцаў, і гэта накіравана не толькі на нас: мы для іх палігон, эксперыментальная пляцоўка перад кідком на Усход. Апрабаваўшы ў нас, яны пойдуць туды", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Ён заўважыў, што адзін з экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, які, працуючы за мяжой, "падняўся" на беларускай праблематыцы, ужо на ўсю моц працуе супраць Расіі. Гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, паказвае сапраўдную мэту заходніх стратэгаў.