26 чэрвеня, Салігорск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае сёння з рабочай паездкай Салігорскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Салігорску кіраўнік дзяржавы сустрэнецца з актывам Мінскай вобласці, а затым наведае прадпрыемства "Белкалій-Мігаа".
У час рабочай паездкі Прэзідэнту даложаць аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці і Салігорскага раёна, фінансава-гаспадарчай дзейнасці "Беларуськалія", рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве на пляцоўцы салігорскага прадпрыемства завода па вытворчасці нітрату калію.
Стварыць у Беларусі вытворчасць нітрату калію вырашылі яшчэ тры гады таму. У маі 2017-га было падпісана пагадненне паміж кітайскай кампаніяй "Мігаа Карпарэйшн" і "Беларуськаліем". Для рэалізацыі праекта стварылі сумеснае прадпрыемства - ТАА "Белкалій-Мігаа". У новы завод інвесціравалі Br238 млн.
Нітрат калію - спецыялізаванае бясхлорнае водарастваральнае мінеральнае ўгнаенне. Гэты прадукт вырабляе абмежаваная колькасць прадпрыемстваў. У Салігорску нітрат калію вырабляюць па кітайскіх тэхналогіях з беларускай і імпартнай сыравіны. Цяпер прадаўжаюцца аграхімічныя выпрабаванні ўгнаення на розных сельскагаспадарчых культурах для пашырэння сферы прымянення.
Як паведамлялася, такія сустрэчы з актывам абласцей Аляксандр Лукашэнка правёў ужо ў Магілёве, Гродне і Брэсце.