19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет. Беларускі борт нумар адзін вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ужо сёння Аляксандр Лукашэнка правядзе ў Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Як раней паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць рэалізацыю бягучых дамоўленасцей, дасягнутых у час візіту егіпецкага лідара ў Мінск летам мінулага года, перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных адносін. Прэзідэнты таксама разгледзяць пытанні ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, забеспячэння бяспекі ў рэгіёне і свеце ў цэлым. Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.
У Аляксандра Лукашэнкі таксама запланаваны шэраг сустрэч і наведванне сумесна з Абдэль Фатахам ас-Сісі новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая будуецца за 45 км на ўсход ад Каіра. Плануецца, што там будзе арганізавана выстаўка беларуска-егіпецкіх навукова-практычных праектаў, перспектыўных навуковых распрацовак, высокатэхналагічнай прадукцыі і буйнагабарытнай тэхнікі.
Паралельна візіту кіраўніка дзяржавы ў Каіры пройдзе пасяджэнне Беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва.