28 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларускія федэрацыі спорту павінны ўзяць прыклад з лёгкаатлетычнай федэрацыі ў арганізацыі дзіцячых спартыўных масавых свят. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 снежня на цырымоніі адкрыцця Каляднага дзіцячага лёгкаатлетычнага свята "300 талентаў для Каралевы". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Гэта свята праводзіцца ў краіне ўпершыню, і яно прызначана дапамагчы ў адборы найбольш перспектыўных дзяцей для заняткаў лёгкай атлетыкай. Мерапрыемства арганізавана ў чатыры этапы. На заключным з іх і пабываў Аляксандр Лукашэнка, які з'яўляецца Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Пошук і падтрымка юных спартыўных талентаў - адна з тэм, якой Прэзідэнт пастаянна ўдзяляе вельмі вялікую ўвагу.
Вітаючы юных удзельнікаў святочных спаборніцтваў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мне вельмі прыемна, што не на хакей, а на лёгкаатлетычнае мерапрыемства ў гэты зімовы час мы сабраліся, каб на свяце спорту сустрэць Новы год".
На думку Прэзідэнта, не дарма лёгкую атлетыку называюць "каралевай спорту", паколькі яна вызначаецца найбольшай масавасцю ўдзельнікаў, вялікай колькасцю спаборніцтваў і рэкордаў. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, ні ў адным відзе спорту на Алімпійскіх гульнях не разыгрываецца столькі медалёў, як у лёгкай атлетыцы.
"Лёгкая атлетыка карыстаецца вялікай увагай балельшчыкаў і з'яўляецца асновай для ўсіх відаў спорту. Сёння тут, у новым лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, трыста самых моцных і спрытных хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Беларусі пакажуць нам свае спартыўныя здольнасці, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, што сярод вас ёсць будучыя чэмпіёны, якія пацвердзяць на сусветных арэнах імідж нашай краіны як спартыўнай дзяржавы. Мы вельмі спадзяёмся, што вы станеце прадаўжальнікамі слаўных традыцый сваёй краіны".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў: нават калі некаторыя юныя ўдзельнікі мерапрыемства не пойдуць потым у прафесійны спорт, а будуць займацца для сябе, то гэта ўсё роўна прынясе вялікую карысць дзяржаве, паколькі краіне патрэбны разумныя і фізічна моцныя людзі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі для фізічнага развіцця створаны ўсе неабходныя ўмовы - спартыўныя пляцоўкі, залы, стадыёны, дзе можна займацца любімым відам спорту. Усё гэта зроблена для таго, каб дзеці раслі ў першую чаргу фізічна моцнымі і здаровымі.
Прэзідэнту спадабалася ідэя правядзення такога мерапрыемства, ініцыятарам якога стаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. "Я вельмі спадзяюся, што і іншыя спартыўныя федэрацыі возьмуць прыклад з федэрацыі лёгкай атлетыкі. Вядомы спартсмен Вадзім Дзевятоўскі падзеліцца вопытам арганізацыі такіх масавых мерапрыемстваў. Прыклады ў нас ёсць - "Залатая шайба", "Скураны мяч", толькі рэзультатаў вялікіх няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што "гэта - не фармальнае мерапрыемства, а мерапрыемства, якое дасць магчымасць выявіць парасткі на першапачатковым этапе і давесці іх да ўзроўню сусветных рэкардсменаў".
Прэзідэнт таксама звярнуўся да юных удзельнікаў спаборніцтваў: "У вас пачаліся зімовыя канікулы. Вы паспелі ўжо ўбачыць нашу сталіцу ва ўсёй красе, у навагоднім убранні, наведалі цыркавы паказ. Вельмі хочацца, каб гэтыя спаборніцтвы сталі для вас сапраўдным святам".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў трэнерам і бацькам юных спартсменаў, якія сабраліся на свята з усіх рэгіёнаў краіны. "Толькі дзякуючы вам мы зможам з іх, пры вашым жаданні, перш за ўсё, зрабіць сапраўдных спартсменаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І тыя бацькі, якія рызыкнуць падарыць нам будучых вялікіх спартсменаў, - проста героі. Я ведаю, што такое пусціць дзіця ў гэта доўгае спартыўнае вельмі складанае плаванне. Таму вы проста героі, на якіх павінны раўняцца ўсе мы".
Прэзідэнт павіншаваў прысутных з надыходзячым Новым годам і Калядамі, а непасрэдным удзельнікам спаборніцтваў пажадаў поспеху, сумленнай барацьбы і незабыўных уражанняў. "Пройдзе зусім мала часу, і вы будзеце ганарыцца, успамінаючы гэты дзень. А пераможа абавязкова самы моцны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён паназіраў за ходам усіх спартыўных эстафет, пабалеў за юных спартсменаў, асноўная частка якіх, дарэчы, з вёсак і невялікіх гарадкоў, а таксама цёпла і шчыра паразмаўляў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
Па выніках мерапрыемства дзеці ўручылі Прэзідэнту падарунак - кнігу, у якой кожны з удзельнікаў свята выказаў свае пажаданні.
Самі ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад арганізатараў - камплекты спартыўнай формы.
Мерапрыемства прайшло з удзелам першага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF), алімпійскага чэмпіёна Сяргея Бубкі. Ён спецыяльна прыехаў у Мінск падтрымаць новую спартыўную ініцыятыву, якую лічыць вельмі перспектыўнай.
Прэзідэнт НАК Беларусі і першы віцэ-прэзідэнт IAAF абмяняліся думкамі аб перспектывах развіцця спорту, у тым ліку лёгкай атлетыкі.