21 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да вырашэння ўкраінскага канфлікту павінны былі больш актыўна падключыцца кіраўнікі дзяржаў. Такое меркаванне ён выказаў сёння на сустрэчы з дзеючым старшынёй АБСЕ, першым намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэту праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца - хаця б у вочы сказаць усё тое, што адзін аб адным думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго адносіны да АБСЕ дваістыя. На яго думку, з аднаго боку, гэта вельмі патрэбная арганізацыя. "Вельмі актуальна гэта сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна паміж проціборствуючымі бакамі. І ў гэтай сітуацыі, вядома, АБСЕ магла б адыгрываць вялікую ролю", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якая павінна адыгрываць значную ролю менавіта ў забеспячэнні бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з іншага боку - недастатковая роля", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, у гэтым віна самой арганізацыі і перш за ўсё кіраўнікоў дзяржаў.
"З іншага боку, АБСЕ спрабуе і, наколькі гэта, напэўна, магчыма сёння, робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Але, вядома, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа нешта зрабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таму, паводле яго слоў, з'яўляюцца новыя фарматы: нармандскія, берлінскія, мінскія і іншыя. "Усё гэта магло б змясціцца ў адной арганізацыі - АБСЕ, і гэта яе функцыя", - сказаў беларускі лідар.