21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Даручаю ўраду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, у якой вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструменты для фарміравання эканомікі ведаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, стратэгіяй развіцця Беларусі становіцца пераход на шлях інавацыйнага развіцця. "І прычына не ў абмежаванасці мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Трэнд у эканоміцы сёння зусім іншы: галоўнае багацце - гэта мазгі, навука, інавацыі, а не тое, што Гасподзь паклаў у зямлю", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі першае месца адводзіцца Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій. "Мы даўно абмяркоўвалі новы фармат работы Нацыянальнай акадэміі навук, стварэнне навуковай інавацыйна-вытворчай карпарацыі, арыентаванай на фарміраванне высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Думаю, што сёння акадэмія навук можа інтэнсіўна развіваць касмічную дзейнасць, нана- і біяіндустрыю, робататэхніку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што сумесна з ДКНТ і ПВТ акадэмія навук павінна стаць рухаючай сілай тэхналагічнага развіцця нацыянальнай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што павышэнне эфектыўнасці інстытутаў інавацыйнага развіцця - НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і тэхнапаркаў - павінна быць пастаянна ў полі зроку кіраўніцтва краіны, і перш за ўсё ўрада. "Ацэньваць іх дзейнасць трэба не па затратным прынцыпе, а па рэальнай аддачы ад капіталаўкладанняў у навуковую сферу, каб яна сапраўды працавала на ўздым краіны, а не на задавальненне асабістай цікаўнасці вучоных за дзяржаўны кошт", - заявіў Прэзідэнт.