15 студзеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад абноўленага складу ўрада свежых ідэй для збалансаванага развіцця эканомікі і павышэння дабрабыту народа. Аб гэтым ён заявіў 15 студзеня на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пры прадстаўленні на пасаду прэм'ер-міністра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паставіў задачу ўраду пачаць работу над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што важнейшыя прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застаюцца ранейшымі.
"У цэнтры ўвагі павінны быць развіццё чалавечага патэнцыялу, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прадпрымальніцтва, рост і збалансаванасць знешняга гандлю, устойлівае развіццё рэгіёнаў, якаснае даступнае жыллё і прадукты харчавання, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Нічога новага, усё гэта мы ўжо праходзілі".
"Моцная сацыяльная палітыка, клопат пра чалавека, увага да моладзі, стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей - былі, ёсць і будуць вышэйшымі мэтамі нашай дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна перажывае складаны перыяд і цяперашняму ўраду будзе няпроста. Аднак, на думку кіраўніка дзяржавы, ёсць і станоўчыя моманты. "Тое, што нам сёння не трэба думаць аб выпрацоўцы нейкіх новых напрамкаў. У нас перад урадам няма праблемы: а як быць, а як працаваць? Мы ўжо ўсё паспрабавалі не проста тэарэтычна, у букварах недзе, у кніжках пачыталі і думаем: падыдзе - не падыдзе. Мы гэта на практыцы праверылі. Выбірай сёння любы інструмент і дзейнічай. Мы ведаем, куды ісці, як ісці, што трэба рабіць у працэсе гэтага шляху - усе органы ўлады і кіравання гэта ведаюць. І гэта вялікае дасягненне. Але гэта яшчэ не ўсё. Трэба яшчэ браць інструменты і пачынаць працаваць. І трэба ісці, а не стаяць. Ні ў якім разе нельга спыняцца! Я часта кажу ў больш цесным асяроддзі: лепш ісці і недзе дапусціць памылку, чым стаяць на месцы", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што ўраду трэба больш увагі ўдзяляць аналізу тэндэнцый развіцця праз прызму сусветных і рэгіянальных эканамічных працэсаў, ствараць прагнозныя мадэлі дзеянняў і магчымых рашэнняў. "Прадбачыць, а не проста даводзіць заданні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама папрасіў мець гэта на ўвазе пры падрыхтоўцы праграмы дзейнасці ўрада, якая згодна з Канстытуцыяй у двухмесячны тэрмін павінна быць прадстаўлена парламенту.