8 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусы сваёй працай і талентам, ініцыятывай і майстэрствам робяць жыццё лепшым, забяспечваючы дабрабыт роднай краіны. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку ўзнагароджаных быў дырэктар Навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання Аляксей Шкадарэвіч. Прадпрыемства 20 з лішнім гадоў паспяхова працуе на сусветных рынках высокатэхналагічнай прадукцыі. Больш як 30 дзяржаў свету закупляюць яго абсталяванне. Яно запатрабавана і на ўнутраным рынку прыбораў грамадзянскага і ваеннага прызначэння.
Званне "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь" прысвоена брыгадзіру філіяла вытворча-мантажнага ўпраўлення ААТ "Прамтэхмантаж" Валерыю Шаўчэнку. Гэта прадпрыемства вядома сваім удзелам ва ўзвядзенні такіх важных аб'ектаў, як "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна", рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы".
На думку Прэзідэнта, добрых слоў заслугоўвае і калектыў вытворча-рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз". Дзякуючы яго намаганням завершана газіфікацыя Віцебскай вобласці прыродным газам. А цяпер ім актыўна ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі рэсурсазберажэння.
Аграрыяў на цырымоніі ўзнагароджання прадстаўляў дырэктар ААТ "Нясвіжскія Астроўкі" Людміла Гутнік. За апошнія гады ў гаспадарцы значна вырасла прадукцыйнасць жывёлагадоўлі і ўраджайнасць сельгаскультур. Павышана рэнтабельнасць вытворчасці, як вынік - зарплата працоўнага калектыву.
Зусім нядаўна ў краіне адзначалі Дзень настаўніка, таму не выпадкова сярод узнагароджаных былі і педагогі розных навучальных устаноў.
Словы глыбокай павагі і ўдзячнасці гучалі ў адрас жанчын, удастоеных ордэна Маці за выхаванне пяцёра і больш дзяцей. Сярод узнагароджаных былі таксама прадстаўнікі медыцыны і журналістыкі, вялікая група спартсменаў і дзеячаў мастацтва.