5 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуска-кітайскія дамоўленасці на вышэйшым узроўні будуць рэалізаваны ў тэрмін. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада ў час сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі Кітая, спецпрадстаўніком КНР па справах міжнародных перагавораў па гандлёвых пытаннях Чжун Шанем, які будзе прадстаўляць Кітай на інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вітаючы кітайскую дэлегацыю, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Дзякую за тыя цёплыя словы, якія выказаў старшыня КНР пасля выбрання мяне Прэзідэнтам, а таксама за тую каласальную падтрымку, якую Кітай ажыццяўляе адносна Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час сустрэчы з Чжун Шанем хацеў бы абмеркаваць увесь спектр тэм беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. "Што датычыцца асноўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праекта стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", які Старшыня КНР назваў жамчужынай новага Шаўковага шляху, то я думаю, што тыя задачы, якія былі пастаўлены ў час візіту Сі Цзіньпіна ў Мінск, будуць раэлізаваны ў тэрмін. А калі мы аператыўна папрацуем, то будзем ісці з апярэджаннем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.