13 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь выступае за хутчэйшае аснашчэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў - членаў АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краінамі - членамі АДКБ у склад КСАР выдзелены найбольш боегатовыя падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прадугледжана аснашчэнне КСАР сучаснымі і, што вельмі важна, сумяшчальнымі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. Гэта пазіцыя замацавана ў пагадненні аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання.
На думку Прэзідэнта, на практыцы гэта работа ідзе маруднымі тэмпамі, што недапушчальна. "У такой сітуацыі Калектыўныя сілы не дасягаюць свайго максімальнага патэнцыялу, таму работу па гэтым напрамку неабходна актывізаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама лічыць, што нельга зацягваць узгадненне бакамі пагаднення аб сумесным тэхнічным забеспячэнні КСАР АДКБ, якое падрыхтавана ў рамках стварэння адпаведнай сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў. "Яго рэалізацыя мае практычную накіраванасць і дасць магчымасць зняць многія неўрэгуляваныя пытанні забеспячэння дзеянняў Калектыўных сіл як пры выкананні імі баявых задач, так і ў ходзе вучобы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.