17 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь вельмі зацікаўлена ў тым, каб больш цесна супрацоўнічаць з Захадам па шэрагу напрамкаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і ЕС апошнім часам разгарнуўся інтэнсіўны дыялог, з'явіліся новыя напрамкі і інтарэсы двухбаковага ўзаемадзеяння.
У прыватнасці, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь зацікаўлена ў больш цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам у галіне тэхналогій, перш за ўсё грамадзянскага прызначэння, у развіцці эканамічных кантактаў. На думку беларускага лідара, эканоміка павінна быць фундаментам любых адносін і супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі актуалізаваны апошнім часам такі напрамак, як бяспека, асабліва ва ўсходнім рэгіёне Еўропы. Акрамя таго, важным з'яўляецца ўзаемадзеянне па спыненні трансгранічнай злачыннасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь уносіць значны ўклад у барацьбу з пранікненнем наркотыкаў, ядзерных рэчываў на тэрыторыю Еўропы. "Думаю, што гэты напрамак ужо ў бліжэйшы час будзе ўсё больш і больш актуальным", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Ёсць вельмі шмат напрамкаў супрацоўніцтва", - падагульніў Прэзідэнт. Ён прапанаваў абмеркаваць бачанне Еўрасаюзам перспектыў супрацоўніцтва з Беларуссю. "Мяне гэта пытанне больш за ўсё цікавіць, каб адкарэкціраваць, а магчыма, і выбудаваць у будучым нашу палітыку адносна Еўрапейскага саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.