15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы важнай структурай, якую неабходна развіваць. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Падзеі ў нас у жніўні і рэакцыя, перш за ўсё, Расіі на гэтыя падзеі сведчаць аб тым, што гэта арганізацыя вельмі важная і нам яе трэба развіваць. У размове з Пуціным я якраз сказаў аб гэтым: цяпер мы, напэўна, зразумелі, што такое АДКБ і для чаго нам гэта арганізацыя патрэбна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў: некалькі гадоў таму ў Беларусі была прынята новая ваенная дактрына, у ёй улічаны такія з'явы, як гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. "Прыкладна так магло быць у Беларусі, таму мы былі вымушаны рэагаваць, у тым ліку дэманстраваць сілу. Мы паглядзелі ўвесь наш заходні рэгіён, прыстраляліся, кажучы па-ваеннаму, напэўна, гэта ўсё ж такі абразуміла там, за межамі краіны, што мы маем добры кулак і можам вельмі сур'ёзна адказаць. Таму АДКБ быць, мы будзем вельмі актыўна ўдзельнічаць у гэтым. І нават калі гэта камусьці будзе не з рукі, мы ўсё роўна будзем працаваць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Таму мы вельмі хацелі б, каб у час беларускага кіраўніцтва ў АДКБ генеральны сакратар займаў тую пазіцыю, аб якой мы дамаўляліся, і падштурхоўваў членаў АДКБ да больш эфектыўнай работы. Тут будзе абсалютная падтрымка з нашага боку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адхіліўшыся ад пытанняў функцыянавання арганізацыі, Прэзідэнт пацікавіўся ў Станіслава Зася пра асабістае. "Прыжыўся, не прыжыўся? Пажадана, каб не вельмі прыжыўся, але каб камфортна было працаваць", - сказаў ён.
"Прыжыўся нармальна, але заставацца не збіраюся", - адказаў Станіслаў Зась.
"Якое заставацца? Гэта выключана!" - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Тэрмін мне адмераны, я адпрацую добрасумленна, як магу, і вярнуся, - запэўніў беларускі генерал. - Па сітуацыі - вельмі істотны націск у гэтым годзе аказвае пандэмія. Перажылі першы этап, цяпер другая хваля - па ўсіх нашых краінах адзначаецца рост. Пазаўчора ў Расіі быў антырэкорд: за суткі памерлі 244 чалавекі. Таму сітуацыя няпростая, хоць такія (як раней. - Заўвага БЕЛТА) абмежавальныя меры цяпер не прымаюцца".
Пандэмія COVID-19 унесла карэктывы ў дзейнасць АДКБ. Большасць запланаваных мерапрыемстваў праводзяцца ў анлайн-рэжыме, а частка аперацый і вучэнняў перанесена на больш позні тэрмін. Напрыклад, перанесены тэрміны правядзення антынаркатычнай аперацыі "Канал" і аперацыі "Нелегал". Іх хочуць правесці ў 2021 годзе.
З сямі запланаваных на гэты год вучэнняў правялі толькі "Эшалон" у Расіі і "Непарушнае братэрства" ў Беларусі. Астатнія пяць - "Узаемадзеянне" і "Пошук" у Арменіі, "Рубеж" у Кыргызстане, "Кобальт" у Таджыкістане і вучэнне ратавальнікаў у Расіі - таксама перанесены на наступны год.
Арганізацыя прадаўжае работу па інтэграванні свайго патэнцыялу ў сістэму міратворчай дзейнасці ААН. Завяршаецца ратыфікацыя пагаднення аб прававым афармленні статусаў партнёра АДКБ і наглядальніка пры арганізацыі. У гэтым напрамку прапануецца пашырыць супрацоўніцтва з СНД, АБСЕ і ШАС, сярод дзяржаў - з Сербіяй.
Акрамя таго, у АДКБ завершана распрацоўка антынаркатычнай стратэгіі на 2021-2025 гады.
Пасля абвастрэння канфлікту ў Нагорным Карабаху афіцыйныя звароты ў пастаянныя рабочыя органы АДКБ ад армянскага боку не паступалі, адзначылі ў арганізацыі. У той жа час Пастаяннаму савету АДКБ былі прадстаўлены пасланне прэм'ер-міністра Арменіі, заявы пастаяннага прадстаўніка краіны пры АДКБ і Міністэрства замежных спраў.
Раней генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась ужо выказаў занепакоенасць і заклапочанасць аднаўленнем узброенага канфлікту. Арганізацыя заклікала Арменію і Азербайджан дабівацца мірнага ўрэгулявання канфлікту і ўстрымацца ад правакацыйных дзеянняў.
Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ запланавана на 2 снежня. Яе разлічваюць правесці ў Маскве. Да гэтага, 17 лістапада, павінен сабрацца Камітэт сакратароў саветаў бяспекі АДКБ, на 1 снежня намечаны сустрэчы міністраў абароны і замежных спраў.
Да падпісання кіраўнікамі дзяржаў рыхтуюцца 17 дакументаў, у тым ліку дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, заява аб фарміраванні справядлівага і ўстойлівага светаўладкавання, пагадненне па пытаннях забеспячэння дзейнасці войскаў, пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб міратворчай дзейнасці. Плануецца, што ў Маскве таксама будзе зацверджана антынаркатычная стратэгія дзяржаў - членаў АДКБ на 2021-2025 гады.