25 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам абмеркаваў кадравы патэнцыял палаты парламента, пытанні заканатворчасці і міжнародную дзейнасць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся пытаннямі заканатворчай дзейнасці парламента, а таксама папрасіў ахарактарызаваць яго склад з пункту гледжання кадравага патэнцыялу. "Я хацеў бы, каб вы прадставілі мне характарыстыку парламента. Што гэта за парламент, параўнайце з тымі парламентамі, дзе вы працавалі раней. Якая тут тэндэнцыя ў нас, перспектыўныя людзі, - запытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ведаеце, што парламент - гэта аснова будучага. Тут правяраюцца кадры. Што мы можам тут сказаць і адносна персаналій, калі ёсць такія людзі, якіх мы можам і далей выкарыстоўваць у якасці дзяржаўных служачых на розных пасадах. Таму што ўзровень дэпутата - гэта вельмі высокі ўзровень".
Яшчэ адна тэма, якую абазначыў Прэзідэнт, - гэта вынікі міжнароднай дзейнасці парламентарыяў. Размова не толькі непасрэдна аб міжпарламенцкіх кантактах у частцы заканатворчасці. "Гэта і вялікі эканамічны складнік, ды і дыпламатычны", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Нацыянальным сходам Беларусі сфарміраваны 73 рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, 13 дэлегацый для ўзаемадзеяння з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі, а таксама камісіі па супрацоўніцтве з парламентамі Украіны і Арменіі.
У 2017 годзе беларускія парламентарыі накіроўваліся ў 28 краін, пры гэтым Палату прадстаўнікоў наведвалі дэлегацыі больш як 40 краін, у тым ліку
Азербайджана, Грузіі, Ізраіля, Кітая, Казахстана, Малайзіі, Пакістана, Польшчы, Судана і Тайланда. Актывізавалася міжпарламенцкае супрацоўніцтва. У Мінску прайшлі штогадовая сесія ПА АБСЕ і пасяджэнне Парламенцкай асамблеі парламенцкага вымярэння Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Таксама развівалася ўзаемадзеянне з ПАСЕ, МПА СНД, ПА АДКБ, Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі, пашыраліся іншыя міжпарламенцкія сувязі.Парламент Беларусі стаў афіцыйна прадстаўлены ў якасці пастаяннага наглядальніка на пасяджэннях Лацінаамерыканскага парламента. Цяпер вядзецца дыялог з Панафрыканскім парламентам і Парламенцкай канферэнцыяй Балтыйскага мора.
Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў шостага склікання пачне работу 2 красавіка 2018 года. На сённяшні дзень у пастаянных камісіях палаты для прыняцця ў першым чытанні рыхтуецца 17 праектаў законаў і ў другім - 20 законапраектаў.
Значнае месца займае заканадаўчае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў рэчышчы праграмных дакументаў і ўстановак кіраўніка дзяржавы па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці, разняволенні дзелавой ініцыятывы, стварэнні дастойных умоў жыцця грамадзян. У сувязі з гэтым плануецца завяршыць работу над законапраектамі па пытаннях дзяржаўных закупак, абароны правоў спажыўцоў, пітнога водазабеспячэння, транспартна-экспедыцыйнай і дарожнай дзейнасці.
Павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў будуць садзейнічаць законы аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі, аб бяспецы харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці.
Акрамя таго, дапрацоўваецца заканадаўства аб абароне, аб рэгістры насельніцтва, аб абароне дзяржаўных сакрэтаў, аб нарматыўных прававых актах, аб міжнародных дагаворах, аб аўтарскім праве і сумежных правах, аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе.
У бліжэйшы час у Палаце прадстаўнікоў плануецца правесці семінар аб эфектыўнасці нарматворчай дзейнасці і парламенцкія слуханні па пытаннях удасканалення энергетычнай галіны.