5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстай цырымоніі ў "Мінск-Арэне" аб'явіў II Гульні краін СНД адкрытымі, паведамляе БЕЛТА.
Афіцыйная частка цырымоніі адкрыцця Гульняў пачалася з урачыстага падняцця сцягоў Беларусі і СНД. Пад гукі Дзяржаўнага гімна беларускі сцяг паднялі знакамітыя спартсмены - двухразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні Кацярына Карстэн, алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце Іван Літвіновіч і алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандр Масяйкоў. Яшчэ трое вядомых беларускіх атлетаў - алімпійскія чэмпіёнкі па лёгкай атлетыцы Яніна Правалінская-Карольчык і Юлія Несцярэнка і алімпійскі чэмпіён па гандболе Андрэй Барбашынскі - прынялі ўдзел у цырымоніі падняцця сцяга Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў, арганізатараў і гледачоў Гульняў, пажадаўшы ўдачы, перамог, яркага відовішча і вялікага мора пазітыўных эмоцый.
Разам з многімі тысячамі гледачоў, якія напоўнілі трыбуны "Мінск-Арэны", беларускі лідар назіраў за яркім відовішчным паказам, удзельнікамі якога сталі больш за тысячу чалавек, у тым ліку вядучыя артысты беларускай эстрады, вакальныя і харэаграфічныя прафесійныя і аматарскія калектывы.
Кульмінацыяй цырымоніі стала запальванне Агню Гульняў. Гэта традыцыя бярэ пачатак са спартыўных спаборніцтваў старажытных грэкаў, і звычайна факел для запальвання агню давяраюць вядомаму чалавеку. Але на гэты раз арганізатары вырашылі зрабіць выключэнне і даручылі ўрачыстую місію юнай гімнастцы, прызёру рэспубліканскіх спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы Аляксандры Зубовіч, якую суправаджалі прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы, майстар спорту міжнароднага класа Анастасія Салас і галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па самба, шматразовы чэмпіён Еўропы і свету па спартыўным самба Юрый Рыбак.