17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства аб'явіў аб старце ўсебеларускай акцыі "Марафон адзінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сфарміраваная талентам і намаганнямі мноства выдатных сыноў і дачок беларускай зямлі, наша ўнікальная культура даўно стала неад'емнай часткай агульнай спадчыны ўсяго чалавецтва", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён са шкадаваннем адзначыў, што цяпер усё часцей назіраюцца спробы забараніць або выключыць яе з парадку дня разам з сімваламі Радзімы, тысячагадовай гісторыяй і ўсім тым, чым ганарацца беларусы.
"Магчыма, прычыны такіх адносін у тым, што мы адданыя традыцыям продкаў і духоўна адрозніваемся ад таго ж Захаду. Там даўно прывыклі атаясамліваць чалавечую культуру з лёсамі ўсяго чалавецтва. Гэта прывяло да насільнага навязвання заходніх каштоўнасцей астатнім нацыям і знішчэння культурнай разнастайнасці планеты", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наперакор сілам, якія імкнуцца пасеяць варожасць і нянавісць у беларускім грамадстве, трэба праявіць згоду і агульнасць духоўных традыцый і гістарычнага лёсу народа.
Сімвалічна менавіта ў Дзень народнага адзінства Прэзідэнт аб'явіў аб старце ўсебеларускай акцыі "Марафон адзінства". "Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе навакольны свет гармоніяй і ўзаемаразуменнем", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць кожнаму адчуць усю палітру талентаў беларускай зямлі і дакрануцца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры. "Няхай яркія фарбы і мелодыі творчасці ва ўсіх кутках краіны абудзяць у сэрцах беларусаў любоў да сваёй Радзімы", - дадаў Прэзідэнт.
"У гэтым залог дастойнай будучыні нашага народа і святы абавязак сучаснікаў, на якім павінна будавацца жыццё ў адзінай сям'і патрыётаў і працаўнікоў, імя якой - Беларусь, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Давайце разам любіць, сябраваць, марыць, працаваць і адпачываць па-беларуску! Давайце берагчы і абараняць Беларусь! Гэта нам завяшчалі продкі, аб гэтым мы гаворым нашчадкам. Гаворым таму, што час выбраў нас!"