24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня выступіць са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Адпаведная інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
"У адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы ад 24 ліпеня 2020 года нумар 294 3 жніўня 2020 года ў Мінску склікаецца трэцяя пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі для заслухоўвання штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і разгляду іншых пытанняў. Указ уступіў у сілу 24 ліпеня", - гаворыцца ў паведамленні на партале.
Раней кіраўнік дзяржавы заяўляў аб тым, што першапачаткова запланаванае на сярэдзіну красавіка Пасланне было адкладзена перш за ўсё па прычыне нявызначанасці сітуацыі ў свеце на фоне пандэміі і таго, які ўплыў гэта акажа на Беларусь. "Блок пытанняў, на якія мы сёння не можам адказаць. А калі будзем адказваць, то толькі з нейкім прагнозам. А нам патрэбны дакладны прагноз. Яго сёння даць нельга. Таму патрэбны нейкі час, каб можна было прааналізаваць усе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за яе межамі, і тады ўжо нешта гаварыць народу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў красавіку бягучага года ў час адной з рабочых паездак у рэгіёны.