8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наведваюць 26-ю Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Белагра-2016", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстаўка праходзіць у час Беларускага аграпрамысловага тыдня з 7 па 11 чэрвеня. Экспазіцыя размяшчаецца на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1, яе плошча складае 31 271 кв.м. Удзел у "Белагра-2016" прымаюць 535 кампаній з 23 краін свету, у тым ліку Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Расіі, ЗША, Францыі і Швейцарыі.
У гэтым годзе выстаўка праходзіць у пашыраным фармаце ў сувязі з правядзеннем III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і прадстаўляе практычна ўвесь народна-гаспадарчы комплекс рэспублікі, уключаючы сацыяльную сферу, медыцыну, адукацыю, навуку, культуру, лёгкую і хімічную прамысловасць, будаўнічую індустрыю, ваенна-прамысловы комплекс, аўтамабілебудаванне, камунальную сферу.
Усяго на "Белагра" прадэманстраваны 352 адзінкі тэхнікі, што выкарыстоўваецца ў розных галінах народнай гаспадаркі Беларусі. Упершыню на выстаўцы прадстаўлены аўтамабілі Geely сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасці СЗАТ "БелДжы", трохсекцыйны трамвай мадэлі B853 "Мяцеліца" (ЗАТ "Штадлер Мінск"), кар'ерны самазвал БелАЗ-75581 грузападымальнасцю 90 т.
Асобную экспазіцыю выстаўкі фарміруюць расійскія прадпрыемствы з Іванаўскай і Растоўскай абласцей, Удмурцкай Рэспублікі і Масквы.