11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" стартуе ў Беларусі 11 снежня, паведамляе БЕЛТА.
Акцыя прадоўжыцца па 10 студзеня 2018 года. Яе ўдзельнікамі стануць больш за 15 тыс. дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, чые бацькі загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.
Традыцыйна ва ўсіх рэгіёнах краіны ў дні акцыі адбудуцца дзіцячыя святочныя навагоднія паказы з удзелам кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Святы арганізуюць ва ўсіх малых і вялікіх населеных пунктах краіны. У Мінску на галоўную ёлку краіны ў Палацы Рэспублікі збярэцца 2370 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Рыжскай беларускай школы, беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.
Арганізатары акцыі нацэлены на тое, каб акружыць увагай і клопатам кожнае дзіця. Да яе правядзення падключаецца ўсё грамадства: не толькі міністэрствы, ведамствы, грамадскія аб'яднанні, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, фізічныя асобы. Яны аказваюць дапамогу ў правядзенні навагодніх свят, робяць ахвяраванні.