11 верасня, Любань /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Рэалізацыя праекта па будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага комплексу мае як рэгіянальнае, так і агульнадзяржаўнае значэнне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ЗТАА "Славкалій", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ажыццяўленне гэтага праекта дасць магчымасць вырашыць значныя эканамічныя пытанні, а таксама надасць краіне дадатковы імпульс у развіцці.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на прадпрыемстве будуць створаны амаль 2000 рабочых месц і сацыяльная інфраструктура для камфортнага жыцця. Акрамя таго, у працэсе будаўніцтва комплексу прадугледжана магчымасць газіфікацыі 21 населенага пункта Любанскага раёна, і гэта плануецца зрабіць на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў. Будзе пабудавана чыгуначная станцыя і 37 км чыгункі, рэканструяваны Любанскі водазабор і ачышчальныя збудаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім удзельнікам будаўніцтва ўкласціся з рэалізацыяй гэтага праекта ў тэрмін і пры гэтым зрабіць усё якасна.