4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі плывец Ігар Бокій паставіў пераможную кропку ў асабістых выступленнях на XVII Паралімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Апошняй дысцыплінай паралімпійскай праграмы з удзелам нашага спартсмена стала 200-метроўка комплексным плаваннем. Учора раніцай Ігар паказаў лепшы час на папярэдняй стадыі, апярэдзіўшы бліжэйшага з сапернікаў на чатыры секунды. У вячэрнім фінале беларус таксама перамог з вялікім адрывам, а яго рэзультат 2 мін 02,03 сек стаў новым сусветным рэкордам.
Для самага тытулаванага плыўца ў гісторыі Паралімпіяд гэта перамога - пятая на цяперашніх Гульнях, раней Бокій першынстваваў на стаметроўках батэрфляем і на спіне, на дыстанцыі 400 метраў вольным стылем, а таксама на 50-метроўцы кролем. Усяго ў кар'еры Ігара 21 залаты паралімпійскі медаль - па пяць з Лондана-2012, Токіа-2020 і Парыжа-2024, а таксама шэсць па выніках Рыа-2016. Акрамя таго, у яго актыве адно серабро Гульняў і адна бронза.
На гэты момант у актыве нейтральных атлетаў з Беларусі - шэсць узнагарод вышэйшай пробы ў сталіцы Францыі, раней у аўторак перамогу на дыстанцыі 100 метраў на спіне ў класе S9 атрымаў Ягор Шчалканаў. Сёння на старт спаборніцтваў у басейне выйдуць Максім Вашкевіч і Дзмітрый Салей (S12, 100 м вольным стылем), а лёгкаатлет Уладзіслаў Грыб пазмагаецца за ўзнагароды ў кіданні булавы.
4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па паралімпійскіх відах спорту Ігара Бокага з сусветным рэкордам і пяццю залатымі медалямі на Паралімпіядзе ў Парыжы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Дарагі Ігар! Ганарымся тваімі поспехамі. Ты дабіўся выдатнага выніку, заваяваўшы на чатырох паралімпіядах цэлы россып узнагарод у імя роднай Беларусі і на славу айчыннага спорту. Ад усёй душы віншую цябе і тваіх трэнераў з сусветным рэкордам і пяццю залатымі медалямі ў Парыжы", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт пажадаў Ігару Бокаму далейшых поспехаў у спартыўным лёсе.