10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем сёння ўступіла ў сілу, паведамляе БЕЛТА.
Беларусы могуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён у годзе. Такое ж правіла дзейнічае для кітайскіх грамадзян. Калі чалавек захоча заставацца ў краіне больш за 30 дзён або займацца вучэбнай, прафесійнай дзейнасцю, трэба будзе атрымліваць спецыяльную візу. У бязвізавы рэжым закладзены прыватныя паездкі, бізнес-камандзіроўкі, турыстычныя паездкі.
Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў Цындаа ў час рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася ў ліку нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.
Як адзначаў раней Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, дзякуючы бязвізаваму рэжыму жыхары дзвюх краін будуць часцей падарожнічаць і змогуць больш даведацца адзін аб адным. "Гэта ўмацуе нашу дружбу", - сказаў ён.