16 лютага, Пхёнчхан /Кар. БЕЛТА/. Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова стала алімпійскай чэмпіёнкай у лыжнай акрабатыцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наваспечаная ўладальніца золата Алімпіяды-2018 сёння выступіла проста цудоўна. У першай спробе вырашальнага этапу Ганна паказала лепшы рэзультат - 94,15 бала, у другой спробе яе абышлі толькі дзве кітаянкі Сінь Чжан і Фаньюй Кун. Аднак у вырашальнай спробе Ганна Гуськова зноў прадэманстравала свае лепшыя якасці, атрымаўшы залатую ацэнку - 96,14 ачка. Другое месца заняла Сінь Чжан, бронза ў Фаньюй Кун.
Алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер спынілася за крок ад п'едэстала гонару, заняўшы 4-е месца з рэзультатам 59,94 бала.
Заўтра пачнецца турнір у мужчын, дзе Беларусь прадставяць алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, Максім Гусцік і Станіслаў Гладчанка.