17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Пасля перамог у пасьюце і індывідуальнай гонцы яна сёння стала лепшай у мас-старце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Лідар беларускай каманды зноў, як і ў дзюх папярэдніх гонках, сёння таксама апярэдзіла ўсіх у бегу па лыжні на дыстанцыі з масавага старту на 12,5 км. На першых трох агнявых рубяжах Дар'я была бездакорная, паслаўшы ўсе кулі дакладна ў цэль і толькі на апошняй "стойцы" адзін раз прамахнулася. Зрэшты, гэта ўжо не магло перашкодзіць Дар'і Домрачавай упэўнена заваяваць сваё трэцяе золата на сочынскай Алімпіядзе з рэзультатам 35 мін. 25,6 сек. У мінулыя гады ў жаночым біятлоне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай станавілася толькі праслаўленая нямецкая спартсменка Каці Вільхельм, якая стала лепшай на дзвюх Алімпіядах - у Солт-Лейк-Сіці-2002 у спрынце і эстрафеце і Турыне-2006 у пасьюце.
Серабро сёння заваявала чэшская біятланістка Габрыэла Саўкалава, якая адстала ад пераможцы на 20,2 сек., а бронзавым прызёрам стала нарвежка Цірыл Экхоф (+27,3 сек.). Усе медалісткі па разу прамахнуліся на стрэльбішчы.
Яшчэ адна беларуская біятланістка бронзавы прызёр гонкі праследавання Надзея Скардзіна на гэты раз выступіла не так паспяхова, заняўшы толькі 16-е месца, адстаўшы ад чэмпіёнкі на 1 мін 42,4 сек. пры двух промахах.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар'ю Домрачаву з заваяваннем залатога медаля ў мас-старце на Алімпіядзе ў Сочы і прысвоіў спартсменцы званне Героя Беларусі.
"Дарагая Даша!
Гэта грандыёзны поспех! Ты проста малайчына! Уся Беларусь у захапленні ад тваёй новай перамогі.
Заваяваўшы званне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, ты здзейсніла подзвіг.
Гісторыя сучаснасці не ведае такіх выпадкаў. У нашай Айчыне подзвігі шануюць асабліва.
Ад усёй душы віншуем цябе з прысваеннем вышэйшай узнагароды Радзімы - званнем "Герой Беларусі".
Шчасця, здароўя і ўдачы!", - гаворыцца ў віншавальнай тэлеграме.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|