13 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Марыя Магільная, якая прадстаўляе Беларусь на XV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2017", стала ўладальніцай Гран-пры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў адбыліся сёння ў канцэртнай зале "Віцебск". Як адзначыла ў сваёй прамове старшыня журы спявачка Варвара, кожнага з гэтых дзяцей ужо можна назваць прафесіяналам сваёй справы, і ў іх наперадзе яшчэ шмат перамог. Яна выказала ўдзячнасць дзецям, іх бацькам, педагогам за праведзеную каласальную работу, а таксама пахваліла рэжысуру ўсяго свята, задзейнічаных артыстаў і танцораў.
А потым настаў самы хвалюючы момант - уручэнне ўзнагарод. Аб'яўленая ўладальніца Гран-пры пакуль атрымала толькі віншаванні і апладысменты. Сам спецыяльны прыз Марыі Магільнай уручыць сёння вечарам на ўрачыстым адкрыцці "Славянскага базару" ў Летнім амфітэатры Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Таксама дзяўчынка выканае песню на адной сцэне з вядомымі артыстамі - гэта яшчэ адна ўзнагарода, акрамя дыплома ўладальніка Гран-пры і $5 тыс.
Між тым лаўрэатам першай прэміі (грашовы прыз $3 тыс.) стаў Эрык Мкртчан з Арменіі. Другую прэмію і $2 тыс. падзялілі Сесіл з Балгарыі і Ержан Максім з Казахстана, а трэцюю прэмію і $1 тыс. - расіянка Кацярына Крэтава і македонка Марыя Спасоўска. Традыцыйна былі ўручаны і спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі - іх уладальніцамі сталі канкурсанткі з гэтых краін. Акрамя таго, спецпрызы ад журы атрымалі прадстаўнікі Македоніі, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Кыргызстана, Ізраіля, ЗША, Грэцыі, Літвы.