14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Дар'я Домрачава стала двухразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў у Сочы, а Надзея Скардзіна заваявала бронзу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля перамогі 11 лютага ў гонцы праследавання 14 лютага лідар беларускай біятлоннай каманды выйграла індывідуальную гонку на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі з рэзультатам 43 мін. 19,6 сек, дапусціўшы толькі адзін промах. Дар'я Домрачава пайшла на трасу пад "нешчаслівым" 13-м нумарам, але гэта не перашкодзіла ёй выдатна прайсці першы адрэзак і дакладна адстраляцца на першым агнявым рубяжы са становішча лежачы. На першай "стойцы" ў цэль трапілі 4 з 5 выстралаў, і Даша атрымала першую штрафную минуту. На трэцім рубяжы, страляючы лежачы, яна была дакладная і з вялікім адрывам панеслася да чацвёртай агнявой пазіцыі. Другая "стойка" таксама была бездакорнай, і Дар'я Домрачава, нібы на крылах, паляцела да фінішу.
Гэтак жа добра, як і лідар, выступіла сёння і яшчэ адна беларуская біятланістка Надзея Скардзіна, якая не толькі як звычайна бездакорна правяла ўсе чатыры стралковыя сесіі, але і выдатна прабегла па лыжні, адстаўшы ад Дар'і на 1 мін. 38,2 сек. і заваяваўшы бронзавы медаль. Сярэбраным прызёрам стала швейцарская біятланістка Селіна Гаспарын, якая ні разу не прамахнулася і ўступіла чэмпіёнцы 1 мін. 15,7 сек.
Яшчэ дзве прадстаўніцы Беларусі занялі такія месцы: 25 - Людміла Калінчык (+4 мін. 46,6 сек; 2 промахі), 35 - Надзея Пісарава (+5 мін. 35,8 сек.; 3).
На алімпійскім біятлонным турніры засталося правесці яшчэ пяць гонак:
16 лютага - мужчынскі мас-старт 15 км,
17 лютага - жаночы мас-старт 12,5 км,
19 лютага - змешаная эстафета,
21 лютага - жаночая эстафета 4х6 км,
22 лютага - мужчынская эстафета 4х7,5 км.-0-
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|