23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь трапіла ў дзясятку лепшых краін для падарожжаў у 2019 годзе па версіі міжнароднага выдавецтва Lonely Planet. Аб гэтым паведамляецца на сайце выдавецтва.
У спісе Best in Travel-2019 Беларусь заняла восьмае месца.
Складальнікі рэйтынгу адзначылі, што Беларусь прыцягвае турыстаў 30-дзённым бязвізавым рэжымам, мноствам кафэ і арт-пляцовак. У Мінску турысты змогуць атрымаць асалоду ад прагулак па Старым горадзе, убачыць неверагодную ратушу і наведаць модныя кактэйльныя бары. Таксама выдавецтва адзначыла, што Мінск у наступным годзе стане "цэнтрам глабальных падзей і самітаў", маючы на ўвазе Еўрапейскія гульні 2019 года.
У топ-10 краін для падарожжаў у 2019 годзе таксама ўвайшлі такія краіны, як Германія, Зімбабвэ, Панама, Кыргызстан, Іарданія, Інданезія, афрыканская дзяржава Сан-Тамэ і Прынсіпі і дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы Беліз. Узначаліла рэйтынг Шры-Ланка.
Выдавецтва Lonely Planet заснавана ў 1972 годзе, займаецца складаннем і выпускам даведнікаў. Штаб-кватэра выдавецтва знаходзіцца ў Аўстраліі.