2 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь правядзе чэмпіянат свету па велатрэку ў 2013 годзе на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, сустракаючыся з прэзідэнтам Міжнароднага саюза веласіпедыстаў Пэтам Макуэйдам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўжо ёсць пэўны вопыт правядзення спаборніцтва высокага ўзроўню. "Мы праводзілі чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў і правялі яго, згодна з вашымі ацэнкамі, нядрэнна", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да госця. Беларусь рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету па хакею ў 2014 годзе. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што, такім чынам, да праходзячага на год раней сусветнага першынства па веласпорту будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. "У нас будуць створаны ўсе ўмовы для пражывання, гатова ўся інфраструктура, і гэта сведчыць аб тым, што мы без усялякіх праблем сустрэнем чэмпіянат свету па веласпорту і правядзём яго на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У цэлым, гаворачы аб развіцці веласпорту ў Беларусі, Прэзідэнт адзначыў яго даволі высокі узровень. Па выніках мінулага чэмпіянату свету беларусы занялі агульнакаманднае трэцяе месца. "Мы лічым, гэта вялікае дасягненне для такой параўнальна невялікай краіны, як Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў краіне мэтанакіравана ішлі на развіццё веласпорту, паколькі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў існавала добрая велашкола. У мінулым беларусы былі і чэмпіёнамі свету, і алімпійскімі прызёрамі. Прэзідэнт нагадаў, што ў сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб будаўніцтве веладрома. "Па характарыстыцы і ацэнцы саміх спартсменаў, гэта адзін з лепшых велатрэкаў у свеце", - адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы лічыць, што правядзенне такога турніру ў Беларусі дасць вельмі моцны імпульс да развіцця веласпорту.
"Хачу запэўніць, што мы зробім ўсё для таго, каб яшчэ больш удасканаліць велатрэк, зрабіць яго знешне ідэальным, каб гэта быў сапраўдны палац, уваходзячы ў які і спартсмены, і трэнеры адчувалі сябе як дома, і тым самым мы створым добры настрой у спартсменаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "У гэтым вы можаце быць упэўнены. Мы зробім усё, каб госці, якія прыедуць да нас, адчувалі сябе тут вельмі добра, камфортна", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Міжнароднаму саюзу веласіпедыстаў за падтрымку веласіпеднага спорту ў Беларусі. "Мы гэта вельмі цэнім і не забудзем", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама запрасіў Пэта Макуэйда напярэдадні чэмпіянату паспаборнічаць на трэку. "Прыз будзе добры, але спаборнічаць будзем сумленна, без паддаўкоў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я часта выязджаю на трэк, вельмі люблю гэта збудаванне. У нас цэлая каманда, і гонкі бывалі вельмі сур'ёзныя. Таму я запрашаю вас у сваёй камандзе прыняць удзел у спаборніцтве напярэдадні чэмпіянату свету".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|