17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі фрыстайліст Антон Кушнір стаў алімпійскім чэмпіёнам у лыжнай акрабатыцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным раўндзе спаборніцтваў у экстрым-парку "Роза Хутар" 29-гадовы мінчанін цудоўна выканаў скачок з найвышэйшым каэфіцыентам складанасці - трайное сальта з 5 вінтамі, і атрымаў самую высокую ацэнку сярод усіх канкурэнтаў - 134,59 бала. Сярэбраны прызёр аўстраліец Дэвід Морыс адстаў вельмі далёка, атрымаўшы 110,41 бала, а ўладальнікам бронзы стаў кітайскі спартсмен Цзя Цаньянь - 95,06 бала.
Антон Кушнір паўтарыў поспех Алы Цупер, якая 14 лютага стала чэмпіёнкай сочынскай алімпіяды ў гэтай жа дысцыпліне сярод жанчын.
У 2010 годзе Антон Кушнір быў уладальнікам вялікага Хрустальнага глобуса за перамогу ў агульным заліку Кубка свету і лічыўся адным з галоўных фаварытаў алімпіяды ў Ванкуверы. Аднак тады ён няўдачна выканаў толькі адзін скачок - у другім раўндзе кваліфікацыі на Алімпіядзе і не змог удзельнічаць у размеркаванні ўзнагарод.
Свайго найвышэйшага дасягнення ў спартыўнай кар'еры Антон Кушнір дабіўся пасля складанай аперацыі на калене гадавой даўнасці. Ён праявіў сапраўдны байцоўскі характар і на гэты раз здолеў праявіць сябе ў самы патрэбны момант. У час алімпійскіх спаборніцтваў яму вельмі дапамагла падтрымка жонкі Наталлі і сына Платона, якія знаходзяцца гэтымі днямі ў Сочы і падтрымліваюць галаву сям'і.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|