27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія пры падтрымцы Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана выступілі з сумеснай заявай з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне на 28-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, паведамілі БЕЛТА ў МЗС Беларусі.
"У заяве адзначана асаблівае значэнне Дня Перамогі для народаў нашых краін, якія ўнеслі рашаючы ўклад у разгром нацызму і панеслі найбольшыя людскія і матэрыяльныя страты. Аддадзена даніна павагі памяці ўсім загінулым на палях бітваў і ўсім ахвярам нацызму", - растлумачылі ў МЗС.
Таксама ў знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што ўвага Савета па правах чалавека прыцягнута да недапушчальнасці спроб забыць урокі вайны, даць скажоныя маральныя і прававыя ацэнкі яе вынікаў. "Гераізацыя нацысцкага руху, рэанімацыя ідэалогіі фашызму вядуць да распаўсюджвання нецярпімасці, дыскрымінацыі, экстрэмізму і нянавісці на этнічнай, расавай і рэлігійнай глебе. З гэтымі пагрозамі павінны змагацца ўсе краіны і народы свету, каб не дапусціць новых трагедый і захаваць мір і бяспеку для будучых пакаленняў", - падкрэслілі ў МЗС.