29 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Аўстрыя павінны нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва і перш за ўсё ў гандлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дазвольце мне яшчэ раз афіцыйна ў Палацы Незалежнасці, сімвале незалежнасці нашай дзяржавы, вітаць вас. Вы для нас заўсёды жаданы госць. Вы ніколі не баяліся прыязджаць у Беларусь, і мы гэта вельмі цэнім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва ёсць добрая гістарычная аснова. Аднак вынікі эканамічнага ўзаемадзеяння маглі б быць вышэйшыя: за мінулы год тавараабарот паміж краінамі склаў крыху больш за $170 млн. "Гэта менш, чым вы інвесціруеце ў нашу краіну, - заўважыў ён. - Нам трэба нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва. А яно перш за ўсё выяўляецца ў гандлі, у тавараабароце паміж нашымі краінамі".
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што карані адносін дзвюх краін ідуць яшчэ у часы Савецкага Саюза, калі вядучыя аўстрыйскія кампаніі будавалі ў Беларусі буйныя прадпрыемствы. "Гэтыя прадпрыемствы і сёння з'яўляюцца, можна сказаць, аднымі з лепшых", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы заўсёды вітаем вашы інвестыцыі ў Беларусі. Калі ў вашых буйных кампаній ёсць інтарэсы (а вы аб гэтым гаварылі), я гатовы асабіста з кіраўніком любой кампаніі, якую вы абазначыце, весці дыялог па сумеснай вытворчасці тых тавараў, якія вы палічыце патрэбнымі", - запэўніў Прэзідэнт.
Раней Себасцьян Курц двойчы наведваў Беларусь у якасці кіраўніка МЗС Аўстрыі - у 2015 і 2017 гадах.
Тавараабарот Беларусі з Аўстрыяй у 2018 годзе склаў $171,4 млн. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту - вырабы з некаштоўных металаў, прадукцыя лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, нафтапрадукты. У структуры паставак у Беларусь пераважаюць інвестыцыйныя тавары (у асноўным машыны і абсталяванне), лякарствы, вакцыны. Экспарт паслуг у Аўстрыю (78 працэнтаў прыпадае на транспартную сферу) у 2018 годзе склаў $116,1 млн.
Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік буйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі. У 2018 годзе прыцягнута $296,7 млн інвестыцый. Вядзецца прапрацоўка новых інвестпраектаў з удзелам кампаній "Кронаспан", "А1 Тэлекам Аўстрыя Груп" і "Ленцынг" на агульную суму звыш $500 млн.
У Беларусі зарэгістраваны 83 прадпрыемствы з аўстрыйскім капіталам (48 сумесных прадпрыемстваў і 35 замежных), а таксама 20 прадстаўніцтваў аўстрыйскіх арганізацый. У Аўстрыі працуюць прадстаўніцтва ААТ "Авіякампанія "Белавія" і тры гандлёвыя кампаніі - "БЕЛМЕТ Хандэльсгезельшафт" і "РМЗ Фертрыбсгезельшафт" (абедзве з удзелам ААТ "БМЗ"), "СолТрэйд" (ААТ "Беларуськалій").
Дагаворна-прававая база паміж Беларуссю і Аўстрыяй налічвае 16 пагадненняў.