2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Іван Літвіновіч заваяваў залаты медаль на XXXIII летніх Алімпійских гульнях у Парыжы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Розыгрышу медалёў сярод батутыстаў папярэднічала кваліфікацыя, у якой выступілі 16 атлетаў. У адборы Літвіновіч набраў касмічныя 63,420 бала і з першага месца выйшаў у вырашальны турнір. У фінальнай васьмёрцы, дзе ўсё пачыналася з нуля, Івану дастаўся сёмы стартавы нумар. Да выхаду беларуса на батут лепшы рэзультат меў кітаец Ван Зісай (61,890), але наш спартсмен быў ацэнены суддзямі яшчэ вышэй - на 63,090. Літвіновіч захапіў лідарства, якое ў выніку ўтрымаў і стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам: тры гады таму ў Токіа Іван таксама быў лепшым. Тройку ў Парыжы замкнуў яшчэ адзін прадстаўнік Кітая Янь Ланг'ю.
Акрамя двух залатых медалёў Гульняў, 23-гадовы ўраджэнец Вілейкі з'яўляецца чэмпіёнам Еўропы і двухразовым чэмпіёнам свету ў камандзе, а таксама сярэбраным прызёрам планетарнага першынства ў асабістых спаборніцтвах. Акрамя таго, на рахунку Івана перамога ў агульным заліку Кубка свету 2024 года, па ходзе якога ён выйграў адзін турнір і двойчы станавіўся на этапах трэцім.
Такім чынам, абодва прадстаўнікі нашай каманды па скачках на батуце ў Парыжы сталі ўладальнікамі алімпійскіх узнагарод. Раней сёння ўладальніцай сярэбранага медаля ў дзяўчат стала 19-гадовая магіляўчанка Віялета Бардзілоўская.
2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў батутыста Івана Літвіновіча з залатым медалём на ХХХІІІ летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Дарагі Іван! Ты - наша гордасць! Дзякую за алімпійскае золата. Мільёны беларусаў сёння захапляюцца тваёй воляй да перамогі, мэтанакіраванасцю і сілай характару, - падкрэсліў беларускі лідар. - Перамагчы на Алімпіядзе - вялікае дасягненне, а абараніць тытул алімпійскага чэмпіёна - спартыўны подзвіг, якім ты паставіў сябе ў адзін рад з самымі выдатнымі атлетамі свету".
"Ад усёй душы віншую трэнераў і спецыялістаў, якія ўклалі ў гэту перамогу свае талент і майстэрства. Беларуская школа скачкоў на батуце чарговы раз прадэманстравала найвышэйшы клас і пацвердзіла заслужанае лідарства на сусветнай арэне", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартсмену здароўя, шчасця і новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.