15 мая, Мальме /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Прадстаўніца Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская прайшла ў фінал гэтага песеннага спаборніцтва, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь і яе прадстаўніца Алёна Ланская з песняй "Solayoh" былі названы ў ліку 10 краін і выканаўцаў, якія прайшлі ў фінал "Еўрабачання-2013". З 2008 года, калі ў конкурсе з'явіліся два паўфіналы, гэта другі выпадак выхаду нашай краіны ў фінал (у 2010 годзе ў фінал праходзіла група "3 +2").
У фінал конкурсу таксама прайшлі прадстаўнікі Малдовы, Літвы, Ірландыі, Эстоніі, Даніі, Расіі, Бельгіі, Украіны, Нідэрландаў.
Алёна Ланская змагла пакарыць еўрапейскую публіку завадной песняй "Solayoh". Напэўна, адыграў сваю станоўчую ролю і знешні выгляд выканаўцы. Акрамя таго, танцавальная кампазіцыя беларускай удзельніцы выгадна адрознівалася ад лірычных песень, якія гучалі ў паўфінале да яе.
Як і чакалася, у фінал змаглі прайсці фаварыты "Еўрабачання": дацкая спявачка Эмілі дэ Форэст з песняй "Толькі слёзы", украінка Злата Агневіч з кампазіцыяй "Прыцягненне", расіянка Дзіна Гарыпава з песняй "Што, калі" і выканаўца з Нідэрландаў Анук з песняй "Птушкі".
Даволі нечаканым для журналістаў быў выхад у фінал літоўскага ўдзельніка Андруса Паявіса з песняй "Нешта". У рэйтынгу прадстаўнікоў прэсы, складзеным напярэдадні першага паўфіналу, ён займаў апошняе месца сярод 16 удзельнікаў. Журналісты адзначалі, што выканаўца на рэпетыцыях працаваў выключна на камеру і зусім ігнараваў публіку ў зале. Аднак такі прыём быў паспяховым, калі спявак выйшаў у фінал.
Выступленне прадстаўніцы Малдовы Алёны Мун з песняй "Мільён" запомнілася публіцы не толькі добрым вакалам, але і уражлівым эфектам з "растучай" на вачах сукенкай.
Мяркуючы па выніках першага паўфіналу, па-ранейшаму вялікай папулярнасцю ў публікі карыстаюцца барабаны. Дынамічная песня "Толькі каханне выжыве" ірландскага выканаўцы Райана Долана і яго нумар з паўаголенымі татуіраванымі барабаншчыкамі спадабаліся еўрапейскай аўдыторыі, і ірландзец выйшаў у фінал.
Пуцёўкі ў фінал "Еўрабачання" атрымалі таксама эстонка Біргіт Ыйгемеэль з песняй "Новы пачатак" і бельгіец Раберта Беллароза з песняй "Каханне забівае".
Не прайшлі ў фінал прадстаўнікі Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, Чарнагорыі, Кіпра і Сербіі.
Фінал "Еўрабачання-2013" адбудзецца 18 мая.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|