23 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Куба ніколі не будзе расчаравана супрацоўніцтвам з Беларуссю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усё, аб чым мы з вамі сёння дамовімся, будзе няўхільна выконвацца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён асабліва адзначыў, што адзін са сваіх першых замежных візітаў на пасадзе Прэзідэнта Кубы Мігель Дыяс-Канель робіць менавіта ў Беларусь. "Гэта падкрэслівае ваш інтарэс да нашай краіны як да надзейнага і праверанага партнёра і сябра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Куба для Беларусі - надзейны саюзнік у рэгіёне Лацінскай Амерыкі. "Нашы краіны аб'ядноўваюць агульныя пункты гледжання па актуальных праблемах сучаснага свету і канструктыўная сумесная работа на розных міжнародных форумах", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Куба заўсёды была і застаецца для нас прыкладам мужнасці, стойкасці і вернасці сваім ідэалам", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гэтак жа, як і Куба, прытрымліваецца меркавання аб недапушчальнасці выкарыстання аднабаковых абмежавальных мер у палітыцы і гандлі. "Лічым, што такія дзеянні ў корані супярэчаць нормам права, падрываюць давер і вядуць да росту напружанасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Мінску з вялікім інтарэсам назіраюць за сістэмнымі палітычнымі пераўтварэннямі, якія праводзяцца пры шырокай грамадскай падтрымцы.
"Упэўнены, што новая Канстытуцыя, якая зафіксавала дасягненні Кубінскай рэвалюцыі, стане трывалай асновай устойлівага і дынамічнага развіцця на доўгія гады", - сказаў Прэзідэнт.
Традыцыйна важнай сферай узаемадзеяння дзвюх краін з'яўляецца сельская гаспадарка. "Кубінскія аграрыі - частыя і заўсёды жаданыя госці ў Беларусі. Мы гатовы дзяліцца сваім перадавым вопытам, ведамі і тэхналогіямі, якія ўяўляюць для вас інтарэс. Гэта ў роўнай ступені датычыцца і прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання, якая яшчэ з савецкага часу добра вядома на Востраве свабоды", - заявіў беларускі лідар.
"Разумеючы важнасць беларускіх тавараў для Кубы, мы ў вельмі няпростых для нас умовах вырашылі пытанне аб прадастаўленні крэдытаў для фінансавання паставак на максімальна выгадных умовах. Гэта дало нам магчымасць рэалізаваць шэраг сумесных цікавых праектаў", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ужо адпрацаваны чарговыя кантракты на суму больш як 30 млн еўра. Прычым не толькі ў галіне сельскай гаспадаркі. Падпісана пагадненне аб пастаўцы на Кубу беларускіх станкоў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі.
Ёсць перспектывы супрацоўніцтва і ў лічбавай сферы. "У нас створана прававая база на аснове лепшых сусветных практык, развіваецца лічбавая інфраструктура", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У мэтах максімальнай інтэграцыі ведаў, перадавога вопыту і тэхналогій у эканоміку Беларусь удасканальвае сваю сістэму адукацыі і, як сказаў Прэзідэнт, прапануе Кубе рэалізаваць існуючы патэнцыял у гэтай галіне на прынцыпах узаемадапаўняльнасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даныя эканамічнай статыстыкі сведчаць аб тым, што магчымасці гандлю Беларусі і Кубы выкарыстоўваюцца далёка не ў поўнай меры. "Таму мы з вамі прынялі рашэнне, што на кароткую перспектыву да наступнага майго візіту ў Кубу нашы прадстаўнікі ўрадаў распрацуюць дарожную карту, план дзеянняў, выкананне якога мы можам пракантраляваць у час майго візіту", - сказаў Прэзідэнт.
"Упэўнены, што сёння мы вызначым шляхі пераадолення існуючых бар'ераў, і наша супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы выйдзе на ўзровень стратэгічнага партнёрства", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для далейшага руху наперад ёсць усё неабходнае: развітая вытворчая база, перадавы вопыт, тэхналогіі, а таксама палітычная воля, узаемаразуменне і падтрымка кіраўнікоў дзяржаў.
Ён таксама выказаў упэўненасць, што вынікі перагавораў у Мінску будуць садзейнічаць развіццю разнапланавага беларуска-кубінскага дыялогу, дадуць магчымасць дасягнуць прынцыповых дамоўленасцей аб далейшым супрацоўніцтве.
Згодна з данымі статыстыкі, у апошнія гады аб'ём гандлю Беларусі з Кубай істотна зменшыўся. Тавараабарот у 2018 годзе склаў $16,9 млн (28 працэнтаў да ўзроўню 2017 года), беларускі экспарт - $15,3 млн (70,5 працэнта), імпарт - $1,6 млн (4,1 працэнта). Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі з'яўляліся спецыфічныя тавары, поршневыя рухавікі ўнутранага згарання, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, шыны, прычэпы і паўпрычэпы. Імпартаваліся пераважна лекавыя сродкі і моцныя спіртныя напіткі.