9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) у пытанні правядзення чэмпіянату свету 2021 года ў Мінску і Рызе не павінна быць заложніцай палітычных гульняў. Аб гэтым ТАСС заявіў прэзідэнт арганізацыі Рэнэ Фазель.
Раней розныя еўрапейскія грамадскія арганізацыі заклікалі IIHF перанесці чэмпіянат свету з Мінска. "Мы ўважліва глядзім за сітуацыяй. Наша мэта - правесці турнір у Беларусі, мы хочам зрабіць гэта дзеля балельшчыкаў, якія гэтага заслугоўваць, і мы не павінны дазваляць сабе знаходзіцца пад націскам палітыкі і не хочам быць заложнікамі палітычных гульняў. Бяспека і здароўе ўдзельнікаў турніру і гледачоў - гэта наш прыярытэт, і ў нас даволі празрыстае абмеркаванне з мясцовымі ўладамі", - сказаў Рэнэ Фазель.
Кіраўнік IIHF адзначыў, што ён не чакае пераносу турніру з Мінска. "Прыйдзе час прыняць самае апошняе рашэнне - пераносіць турнір ці не, але наша мэта - паехаць у Беларусь. Я спадзяюся, што з часам сітуацыя супакоіцца і беларускія ўлады знойдуць выйсце з цяперашняй сітуацыі", - падкрэсліў ён.
"Мы пакінулі час для таго, каб прыняць рашэнне. У нас цесны кантакт з латвійскімі і беларускімі арганізатарамі. Мы плануем паехаць у Беларусь, каб паразмаўляць там з людзьмі. Мы хацелі паехаць туды на бягучым тыдні, але вірус нам не даў магчымасці гэтага зрабіць, і мы паразмаўляем, як толькі паедзем у Беларусь", - дадаў ён.
Раней прэс-служба IIHF паведаміла аб тым, што тэсты на каранавірус Рэнэ Фазеля і генеральнага сакратара арганізацыі Хорста Ліхтнера паказалі станоўчы вынік.
Чэмпіянат свету павінен прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня 2021 года.