10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў сёння ўказ нумар 10 "Аб падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент распрацаваны з улікам вопыту правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў і лёгкаатлетычнага матчу Еўропа - ЗША, у ім прадугледжваецца комплекснае вырашэнне пытанняў падрыхтоўкі чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе пройдзе ў Беларусі і Латвіі.
Указам устанаўліваецца бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў, арганізатараў спаборніцтваў і замежных турыстаў, бясплатны праезд у грамадскім транспарце для акрэдытаваных асоб і вызваленне ад платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах. Дакументам урэгуляваны пытанні медыцынскага абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў, выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, размяшчэння сацыяльнай рэкламы.
Акрамя таго, прадугледжана прадастаўленне дырэкцыі чэмпіянату свету беспрацэнтнай вяртальнай бюджэтнай пазыкі, а таксама меры, што даюць магчымасць знізіць затраты і забяспечыць высокі ўзровень правядзення мерапрыемства.