20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У заключным матчы групы В беларускія хакеісты прайгралі расіянам і занялі трэцяе месца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мінск-Арэна". 14 679 гледачоў.
Беларусь: Коваль; (Лаланд 36.14); Корабаў – Грабарэнка, С.Касціцын – Кавыршын – Волкаў; Дзянісаў - Гатавец, А.Касціцын – Стась – Плат; Явенка – Усенка, Сцяпанаў – Кітараў – Угараў; Караў, Яфіменка, Осіпаў.
Расія: Баброўскі; Дзянісаў – Чудзінаў, Калінін – Шыпачоў – Плотнікаў; Кутузаў – Мядзведзеў; Ціханаў – Малкін – Кулёмін; Якаўлеў – Бялоў, Зарыпаў – Анісімаў – Шырокаў; Дадонаў – Бурмістраў – Кузняцоў; Зубараў.
Шайбы: 0:1 - Плотнікаў (Шыпачоў, Ціханаў, 32.46, у большасці), 0:2 - Шыпачоў (Плотнікаў 35.47), 1:2 - Дзянісаў (Кітараў, 45.49)
Кідкі:27-20.
Штраф: 10-8.
Абедзве каманды ўжо забяспечылі сабе пуцёўкі у чвэрцьфінал і гулялі без некалькіх вядучых ігракоў. У беларусаў не было Аляксея Калюжнага і Міхаіла Грабоўскага, а ў расіян адсутнічаў Аляксандр Авечкін, затое дэбютаваў Яўген Малкін. На жаль, менавіта пры сутыкненні з форвардам "Пітсбурга" ў канцы другога перыяду траўму атрымаў галкіпер беларускай дружыны Віталь Коваль, які не раз выручаў каманду ў няпростых сітуацыях. Кевін Лаланд, які замяніў яго, таксама дзейнічаў нядрэнна на апошнім рубяжы абароны, чаго не скажах аб абаронцах беларусаў, якія нярэдка памыляліся каля сваіх варот.
Сустрэча праходзіла пад дыктоўку каманды Алега Знарка, якая гуляла з вялікім запасам. Падапечныя Глена Хэнлана ў асноўным абараняліся і вельмі рэдка непакоілі Сяргея Баброўскага. Але ўсё ж беларусы здолелі парадаваць сваіх прыхільнікаў. На 6-й мінуце заключнага перыяду пасля выдатнага паса Аляксандра Кітарава, шайбу закінуў Уладзімір Дзянісаў, які ў адсутнасці Калюжнага быў капітанам каманды. У самай канцоўцы гульні беларусы прыціснулі расіян, але адыграцца так і не змаглі. Гэта сёмая вікторыя расіян у Мінску, і яны сталі адзінай камандай, якая не страціла ніводнага ачка на першым этапе.
Такім чынам, беларусы фінішавалі трэцімі ў групе В пасля расіян і амерыканцаў, а чацвёрты пропуск у плэй-оф дастаўся зборнай Фінляндыі.
Падагульняючае становішча ў групе В: Расія - 21 ачко, ЗША - 14, Беларусь - 12, Фінляндыя - 11, Швейцарыя - 10, Латвія - 9, Германія - 5, Казахстан - 2.
У чацвер, 22 мая, у чвэрцьфіналах беларусы згуляюць з камандай Швецыі, расіяне сустрэнуцца з французамі, амерыканцы будуць сапернічаць з чэхамі, а фіны паспрабуюць даць бой канадцам.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|