3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў пададзены анкеты 142 міжнародных наглядальнікаў. Аб гэтым паведаміла ў сваім чарговым відэазвароце старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лідзія Ярмошына ўдакладніла, што ў ЦВК акрэдытаваны 142 міжнародныя наглядальнікі, і сказала, што пакуль не ўсе з наглядальнікаў прыехалі ў краіну на гэты момант, а тыя, якія падалі анкеты. "Гэта інфармацыя мяняецца кожны дзень, таму што мы ўсё часцей атрымліваем анкеты і паведамленні ад нашых калег за мяжой, ад наглядальных місій аб акрэдытацыі дадатковых міжнародных наглядальнікаў. Прыблізна сілы місіі размеркаваны напалову: 70 - ад місіі АБСЕ і 72 наглядальнікі ад місіі СНД", - расказала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, больш за тысячу нацыянальных наглядальнікаў акрэдытаваны ў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіях, а таксама ў ЦВК. Яны прадстаўляюць увесь спектр грамадскіх меркаванняў, палітычных партый і рухаў, што існуюць у Беларусі.
Выбаршчыкам Лідзія Ярмошына таксама нагадала, што цяпер і па 5 верасня ўключна патэнцыяльныя кандыдаты ў Прэзідэнты падаюць заявы ў ЦВК аб згодзе балаціравацца на пасаду Прэзідэнта краіны. "Пакуль у Цэнтральную камісію паступілі дзве такія заявы разам з камплектамі дакументаў ад патэнцыяльных кандыдатаў - Караткевіч Таццяны Мікалаеўны і Гайдукевіча Сяргея Васільевіча", - праінфармавала кіраўнік ЦВК.