10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла рашэнне зарэгістраваць Таццяну Караткевіч кандыдатам на пасаду Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каманда Таццяны Караткевіч здала ў выбаркамы больш як 107 тыс. подпісаў. З іх амаль 105 тыс. прызнаны сапраўднымі. Гэтай колькасці дастаткова для рэгістрацыі ў якасці кандыдата.
Акрамя таго, у ЦВК былі здадзены іншыя неабходныя дакументы, сярод якіх аўтабіяграфія Таццяны Караткевіч і дэкларацыя аб яе даходах і маёмасці, а таксама аналагічныя дэкларацыі на дарослых членаў яе сям'і, якія пражываюць разам з ёй. Гэты камплект дакументаў не выклікаў сур'ёзных нараканняў.
Адразу пасля таго, як Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам Таццяны Караткевіч, яна выступіла з прамовай. Палітык падзякавала людзям, якія падпісаліся ў яе падтрымку, і выступіла з крытыкай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны.