16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтрвыбаркам Беларусі не задаволіў скаргу экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, у якой яна просіць прызнаць выбары несапраўднымі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэту скаргу сёння агучыў прадстаўнік Таццяны Караткевіч - член ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў. Ён заявіў, што папярэднія вынікі назірання за выбарамі сведчаць, што яны прайшлі з грубымі і сістэмнымі парушэннямі заканадаўства, не адпавядалі патрабаванням Выбарчага кодэкса Беларусі, а таксама Капенгагенскім прынцыпам.
Ігар Лялькоў паведаміў, што, у прыватнасці, на думку каманды Караткевіч, пры зборы подпісаў, а пазней і пры агітацыі, адзін са штабоў выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Ён дадаў, што ў час кампаніі распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы, вырабленыя з парушэннем закону: на адной з агітацыйных паштовак былі пазначаны не ўсе выхадныя даныя. Акрамя таго, штаб Караткевіч прад'явіў прэтэнзіі наконт падліку галасоў і характару правядзення датэрміновага галасавання. Таксама Лялькоў заявіў, што на пэўных участках магло быць укідванне бюлетэняў, але адназначна аб тым, што гэта было, ён не сказаў.
Акрамя таго, сёння на пасяджэнні выступілі прадстаўнікі кіраўніцтва ўсіх абласных выбаркамаў і выбарчай камісіі Мінска. Яны адзначылі, што гэта кампанія была адна з самых цывілізаваных. Была забяспечана празрыстая працэдура падліку галасоў. У прыватнасці, у Брэсцкую абласную камісію па стане на дзень выбараў не паступала скаргаў, а толькі адна прапанова. На наступны дзень было тры скаргі ад наглядальнікаў, у тым ліку з прэтэнзіямі наконт падліку галасоў. Але факты, названыя ў скаргах, не знайшлі пацвярджэння. У прыватнасці, іх абвергнулі іншыя наглядальнікі.
Усе урны апячатваліся ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦВК. Міліцыя забяспечыла ахову ўчасткаў. Што ж датычыцца маніпуляцый з яўкай, аб якіх заявілі некаторыя наглядальнікі, то ў выніку гэта інфармацыя не пацвердзілася. Больш таго, былі выпадкі, калі наглядальнікі пацвярджалі факты парушэнняў на якім-небудзь участку, але пры гэтым самі яны працавалі на іншых участках, а не на тых, якія фігуравалі ў скаргах. Таксама былі выпадкі, калі ў інтэрнэце публікаваліся даныя аб парушэннях, але адпаведных скаргаў у выбаркамы не паступала. Але былі скаргі, якія складзены практычна пад капірку.
Прадстаўнікі рэгіянальных выбаркамаў таксама пацвердзілі, што быў факт уключэння ў спісы выбаршчыка, які памёр ужо. Але ад яго імя паступала заява аб галасаванні дома. Як высветлілася, заява паступіла яшчэ тады, калі гэты чалавек быў жывы. Зразумела, у выніку ён не галасаваў. Не пацвердзіліся і заявы аб прымушэнні да датэрміновага галасавання навучэнцаў некаторых устаноў адукацыі. Пры гэтым адна з членаў ЦВК, якая працуе ў ВНУ, падкрэсліла, што аб такіх фактах яна таксама не ведае. Публікацыі ў інтэрнэце, дзе гаворыцца аб прымушэнні студэнтаў, яна назвала непаважлівымі ў адносінах да моладзі.
Таксама сёння на пасяджэнні ЦВК старшыня Мінскага выбаркама Дзмітрый Шаўцоў заявіў, што камісія запатрабавала больш адказна падыходзіць у будучым да выбару памяшканняў для ўчасткаў, у прыватнасці, для таго, каб яны больш адпавядалі эстэтычным патрабаванням. Шаўцоў таксама расказаў аб выпадку, калі адзін наглядальнік ажыццяўляў відэатрансляцыю з участка, а другі вёў на ўчастку апытанне выбаршчыкаў. Усё гэта - парушэнні. Больш таго, некаторыя наглядальнікі, паводле яго слоў, прадэманстравалі няведанне заканадаўства. У тым ліку, яны блыталі паняцці карэспандэнт і наглядальнік.
Шаўцоў прывёў і такі прыклад, калі пры падліку галасоў на ўчастку прысутнічалі 16 наглядальнікаў. Падлік галасоў вёўся максімальна адкрыта. Кожная урна падносілася да наглядальнікаў, ім паказвалі бюлетэні і г.д. Але пры гэтым некаторыя наглядальнікі адразу ж падалі скаргу.
На пасяджэнні ЦВК таксама быў агучаны факт падачы электроннага звароту ў выбаркам ад імя чалавека, які на самай справе ніякага звароту не падаваў і не карыстаецца тым электронным адрасам, з якога было накіравана пісьмо.
У сваю чаргу старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што яна асабіста чытае ўсе скаргі, якія паступаюць у ЦВК, у тым ліку ад наглядальнікаў. "Сцвярджаць, што акты наглядальнікаў - гэта тая свяшчэнная карова, якая з'яўляецца бясспрэчным доказам, а нашы выбарчыя камісіі зусім безабаронныя і не могуць апраўдацца, гэта было б занадта", - сказала яна.
Кіраўнік ЦВК заявіла і аб тым, што большая частка фактаў, на якія спасылаюцца ў скаргах - гэта ўяўныя або мяркуемыя парушэнні. Яна таксама адзначыла, што ў Цэнтрвыбаркам не паступала скаргаў наконт прымушэння студэнтаў да датэрміновага галасавання.