10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла рашэнне зарэгістраваць Сяргея Гайдукевіча кандыдатам на пасаду Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, колькасць дакладных подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Сяргея Гайдукевіча (больш як 139 тыс.), з'яўляецца дастатковай для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. "Тым не менш, нам паведамілі, што ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў яго ёсць нязначныя памылкі", - расказала яна.
Так, паводле паведамлення правяраючых органаў, за 2014 год Сяргей Гайдукевіч даход, атрыманы ад аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, пазначыў у памеры амаль Br36 млн, у той час як ён склаў больш як Br41 млн. Акрамя таго, палітык забыў пазначыць даход у памеры 60 еўра - сродкі, атрыманыя з-за мяжы. "Агульны памер даходу Сяргея Гайдукевіча за 2014 год складае Br263 млн 158 тыс., а памер непазначанага даходу - амаль Br6,2 млн (2,3 працэнта ад сумы гадавога даходу)", - канстатавала Лідзія Ярмошына.
Акрамя таго, паводле яе слоў, выяўлена недакладнасць пры запаўненні дэкларацыі жонкі кандыдата - яна пазначыла не агульны, а чысты даход.
Пры гэтым Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што Цэнтрвыбаркам пры назначэнні выбараў прыняў пастанову аб тым, што калі памылка ў пазначэнні даходаў складае менш за 20 працэнтаў, то яна з'яўляецца нязначнай і дае магчымасць зарэгістраваць гэту асобу кандыдатам у прэзідэнты. "У сувязі з гэтым памылка, дапушчаная Сяргеем Гайдукевічам, не мае істотнага характару, і пры такіх абставінах Цэнтральная камісія пастанаўляе зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь", - сказала яна.
Сяргею Гайдукевічу выдадзена пасведчанне кандыдата. Ён падзякаваў грамадзянам Беларусі, якія аддалі за яго подпісы.