20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кандыдатам у прэзідэнты створаны роўныя ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік штаба місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі Яўген Слабада.
"Цяпер ідзе перыяд перадвыбарнай агітацыі. На нашу думку, кандыдатам у прэзідэнты створаны роўныя ўмовы для яе вядзення і забяспечана права выступлення ў сродках масавай інфармацыі", - заўважыў Яўген Слабада. Ён нагадаў, што кандыдаты могуць бясплатна публікаваць сваю перадвыбарную праграму ў асобных газетах, у іх ёсць магчымасць два разы выступіць на тэлеканале "Беларусь 1" і ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Кіраўнік штаба звярнуў увагу, што крыху раней кіраўніцтва місіі СНД сустрэлася з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ Жакам Форам. "Мы дамовіліся і ў далейшым падтрымліваць кантакты на рабочым узроўні і абмяняліся меркаваннямі аб ходзе выбарчай кампаніі. Дамовіліся таксама аб тым, што ў дзень галасавання адбудзецца сустрэча кіраўнікоў місій СНД і БДІПЧ АБСЕ. Лічу, што сустрэча была для нас карыснай і па многіх пытаннях у нас адзіная думка", - сказаў ён.
Акрамя таго, на мінулым тыдні адбылася сустрэча ў Міністэрстве ўнутраных спраў, місія ад Садружнасці праінфармавана аб тым, якія меры бяспекі прымаюцца і будуць прымацца ў краіне на перыяд правядзення выбарчай кампаніі.
Цяпер, паводле слоў Яўгена Слабады, прадаўжаецца фарміраванне маніторынгавай місіі ад СНД, акрэдытавана ўжо больш як 260 наглядальнікаў. У місію ўвайшлі ўсе дзяржавы Садружнасці за выключэннем Украіны, а таксама прадстаўнікі МПА СНД, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Выканкама СНД. "Прадоўжылася работа доўгатэрміновых наглядальнікаў па наведванні рэгіёнаў краіны. Яны пабывалі ў Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцях, азнаёміліся з работай тэрытарыяльных і ўчастковых камісій. Усяго з пачатку маніторынгу намі наведана 66 тэрытарыяльных камісій", - праінфармаваў ён.
"Папярэдняе ўражанне, якое вынеслі нашы наглядальнікі, - камісіі працуюць галосна і адкрыта. Мы атрымліваем усю неабходную інфармацыю адносна выбарчага працэсу", - сказаў кіраўнік штаба. Акрамя таго, ён адзначыў высокую арганізацыйную падрыхтоўку камісій: ёсць уся неабходная літаратура, яны аснашчаны сродкамі сувязі. "І самае галоўнае - у членаў камісій, з якімі размаўлялі нашы доўгатэрміновыя наглядальнікі, ёсць жаданне правесці выбары на самым высокім узроўні", - запэўніў Яўген Слабада.
Ён таксама дадаў, што цяпер ідзе вучоба для членаў участковых камісій, Цэнтрвыбаркам распрацаваў для іх прыкладны сцэнарый трэнінгу. "Нашы наглядальнікі, якія прысутнічаюць на вучобе, адзначаюць, што асноўнае там заключаецца ў мадэляванні сітуацый, якія могуць адбыцца ў дзень галасавання на выбарчым участку", - расказаў кіраўнік штаба місіі.
Паводле яго слоў, наглядальнікі ад краін Садружнасці прысутнічаюць на пасяджэннях Цэнтрвыбаркама Беларусі. "ЦВК як орган, адказны за падрыхтоўку і правядзенне выбараў, працуе галосна і адкрыта. Пасяджэнні праходзяць пры ўдзеле міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, а таксама супрацоўнікаў СМІ. Рашэнні камісіі прымаюцца на аснове калегіяльнасці, свабоднага і адкрытага абмеркавання", - лічыць субяседнік.
Яўген Слабада паведаміў, што на пачатак тыдня запланавана публікацыя прамежкавай справаздачы маніторынгавай місіі СНД. Акрамя таго, прадоўжыцца работа доўгатэрміновых наглядальнікаў у рэгіёнах па наведванні тэрытарыяльных і ўчастковых камісій.