5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праверка выбарчых камісій і ўчасткаў, якая прайшла сёння па ўсёй Беларусі, паказала поўную гатоўнасць да маючых адбыцца выбараў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.
"У час праверкі ставілася задача не толькі перадаць у ЦВК пэўную статыстыку, але і прааналізаваць рэальны стан матэрыяльнай базы выбарчых участкаў. Такая інфармацыя паступіла ў Цэнтрвыбаркам, і мы можам канстатаваць, што рэспубліка гатова да правядзення галасавання. Выбарчыя камісіі маюць усе неабходныя ўмовы для нармальнай работы", - сказаў сакратар ЦВК.
Таксама Мікалай Лазавік растлумачыў, што сёння на ўсіх участках прайшлі пасяджэнні выбаркамаў. "У час гэтых пасяджэнняў прааналізаваны пытанні стварэння неабходных умоў для работы саміх камісій і нармальных камфортных умоў для галасавання. Гэта значыць было праверана, ці ёсць неабходнае абсталяванне: сталы, крэслы, кабіны і урны для галасавання, а таксама ці ёсць неабходныя дакументы і юрыдычная літаратура, інфармацыя аб кандыдатах і г.д.", - адзначыў ён.
Пасля таго, як прайшлі гэтыя праверкі на месцах, складаўся дакумент (даведка), які перадавалі ў раённую камісію. У кожнай даведцы пазначалася колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спісы; колькасць атрыманых бюлетэняў; інфармацыя аб забяспечанасці сродкамі сувязі і г.д. У тым ліку было адзначана, што ўчасткі бяруцца пад ахову міліцыі.
Пазней прайшлі пасяджэнні тэрытарыяльных камісій. У прыватнасці, яны збіралі інфармацыю, якая паступала з участкаў. Усе даныя падсумоўваліся і перадаваліся далей, гэта значыць у абласныя камісіі (у Мінску - у гарадскую). Пасля гэтага даныя паступілі ў ЦВК.